Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/150

Гэта старонка не была вычытаная

торгвала яго бледны твар, «Гэты мяне любіў!», падумала яна — і шкода ёй стала яго, і з ласкаю працягнула яна яму руку.

Але ён яе зразумеў. — Не! — сказаў ён і адступіў на крок назад. — Чалавек я бедны, але міласціны яшчэ дагэтуль не прымаў. Бывайце, і будзьце здаровы.

— Я пераконана, што мы не апошні раз бачымся, — вымавіла Анна Сяргееўна з мімавольным рухам.

— Чаго на свеце не бывае! — адказаў Базараў, пакланіўся і вышаў.

— Дык ты задумаў гняздо сабе звіць? — казаў ён у той-жа дзень Аркадзію, укладваючы свой чамадан. — Што-ж? справа добрая. Толькі дарэмна ты хітраваў. Я чакаў ад цябе зусім другой дырэкцыі. Альбо, можа быць, гэта цябе самога збянтэжыла?

— Я, праўда, гэтага не чакаў, калі расставаўся з табою, — адказаў Аркадзій; — але чаму ты сам хітруеш і кажаш: «справа добрая», быццам я не ведаю твайго погляду пра шлюб?

— Эх, друг любы, — прагаварыў Базараў: — як ты гаворыш! Бачыш, што я раблю: у чамадане аказалася пустое месца, і я кладу туды сена; гэтак і ў жыццёвым нашым чамадане; чым-бы яго ні напіхалі, абы пустаты не было. Не крыўдуй, калі ласка. Ты-ж, напэўна, помніш, якой я заўсёды быў думкі пра Кацярыну Сяргееўну. Іншая паненка толькі з таго і сыходзіць за разумную, што разумна ўздыхае; а твая за сябе пастаіць, ды і так пастаіць, што і цябе ў рукі забярэ, — ну, дык гэта так і трэба. — Ён зачыніў века і прыпадняўся з падлогі. — А цяпер паўтараю табе на развітанне... таму што маніць сабе няма чаго: — мы развітаемся назаўсёды, і ты сам гэта адчуваеш... ты зрабіў разумна: для нашага горкага, доўгага, бабыльскага жыцця ты не створаны. У цябе няма ні дзёрзкасці, ні злосці, а ёсць маладая смеласць ды малады запал; для нашай справы гэта не прыгодна. Ваш брат, дваранін, далей шляхетнай пакорлівасці альба шляхетнага кіпення дайсці не можа, а гэта глупства. Вы, напрыклад, не б’ецеся — і ўжо ўяўляеце сябе малайцамі, — а мы біцца хочам. Ды што! Наш пыл табе вочы выесць, наша гразь цябе запэцкае, ды ты і не дарос да нас, ты мімавольна любуешся на сябе, табе прыемна самога сябе лаяць; а нам гэта нудна — нам другіх падавай! Нам другіх ламаць трэба! Ты добры хлопец, але ты ўсё-такі мякенькі, ліберальны паніч, — э волату, як кажа мой бацька.

— Ты назаўсёды развітваешся са мною, Еўгеній? — сумна прамовіў Аркадзій: — і ў цябе няма другіх слоў для мяне?

Базараў пачасаў у сябе ў патыліцы. — Ёсць, Аркадзій,