Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

яму дапамог і з той пары пачаў удзельнічаць у яго практыцы, не перастаючы ў той-жа час пасмейвацца і з сродкаў, якія сам-жа раіў, і з бацькі, які зараз-жа пускаў іх у ход. Але кпіны Базарава ані не бянтэжылі Васілія Іванавіча; яны нават суцяшалі яго. Прытрымліваючы свой замусолены шлафрок двума пальцамі на жываце і пакурваючы люльку, ён з асалодаю слухаў Базарава, і чым больш злосці было ў яго выбрыках, тым добрадушней рагатаў, паказваючы ўсе свае чорныя зубы да адзінага, яго ашчасліўлены бацька. Ён нават паўтараў гэтыя, часам безгаловыя альбо недарэчныя выбрыкі і, напрыклад, на працягу некалькіх дзён, ні к сялу, ні к гораду, усё чоўп: «ну, гэта справа дзевятая!» таму толькі, што сын яго, даведаўшыся, што ён хадзіў на ютраню, ужыў гэты выраз. «Дзякуй богу! перастаў хандрыць!», шаптаў ён сваёй дружыне: «як даў мне сягоння, дзіва!» Затое думка, што ён мае такога памочніка, захапляла яго, напаўняла яго гордасцю. «Але, але», казаў ён якой-небудзь бабе ў мужчынскай світцы і рагатай кічцы, даючы ёй бутэлечку гулярдавай вады альбо банку дурнап’янавай мазі, «ты, галубка, павінна штохвіліны богу дзякаваць за тое, што сын мой ў мяне госціць: па самай навуковай і найноўшай методзе цябе лечаць цяпер, разумееш ты гэта? Імператар фрацузаў, Напалеон, і той не мае лепшага ўрача». А баба, якая прыходзіла скардзіцца, што яе «на калоцікі падняло» (значэння гэтых слоў яна, урэшце, сама растлумачыць не ўмела), толькі кланялася і лезла за пазуху, дзе ў яе ляжала чатыры яйцы, загорнутыя ў рог рушніка.

Базараў раз нават вырваў зуб у заезджага разносчыка з крамнінаю, і хоць зуб быў самы звычайны, аднак Васілій Іванавіч захаваў яго як рэдкасць і, паказваючы яго айцу Аляксею, бесперастанку паўтараў:

— Вы паглядзіце, што за карэнне! Гэткая сіла ў Еўгенія. Крамнік так на паветра і падняўся... Мне здаецца, дуб і той-бы вылецеў вон!..

— Пахвальна! — прамовіў, нарэшце, айцец Аляксей, не ведаючы, што адказваць і як адчапіцца ад старога, які ўпаў у экстаз.

Аднойчы мужычок суседняй вёскі прывёз да Васілія Іванавіча свайго брата, хворага на тыф. Лежачы ніцма на вязцы саломы, няшчасны паміраў, цёмныя плямы пакрывалі яго цела, ён даўно страціў прытомнасць. Васілій Іванавіч выказаў жаль аб тым, што ніхто раней не ўздумаў звярнуцца за дапамогаю медыцыны, і абвясціў, што ратунку няма. Сапраўды, мужычок не давёз свайго брата да дому: ён так і памёр у калёсах.