Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

пеўня, які доўга не мог зразумець, чаму з ім так абыходзяцца. Базараў усё ляжаў, уткнуўшыся ў сцяну. Васілій Іванавіч спрабаваў зварачацца да яго з рознымі пытаннямі, але яны стамлялі Базарава, і стары замёр у сваім крэсле, толькі зрэдку хрумстаючы пальцамі. Ён ішоў на некалькі момантаў у сад, стаяў там, як статуй, нібы скуты невымоўным здзіўленнем (выраз здзіўлення наогул не сходзіў у яго з твара), і варочаўся ізноў да сына, стараючыся ўхіляцца ад роспытаў жонкі. Яна, нарэшце, схапіла яго за руку і сударгава, амаль з пагрозаю прамовіла: «ды што з ім?» Тут ён спахапіўся і прымусіў сябе ўсміхнуцца ёй у адказ: але, на ўласны жах, заместа ўсмешкі, у яго аднекуль узяўся смех. Па доктара ён паслаў з раніцы. Ён палічыў патрэбным папярэдзіць аб гэтым сына, каб той як-небудзь не рассердзіўся.

Базараў раптам павярнуўся на канапе, пільна і тупа паглядзеў на бацьку і папрасіў напіцца.

Васілій Іванавіч падаў яму вады і дарэчы памацаў яго лоб. Ён так і гарэў.

— Стары, — пачаў Базараў сіплым і павольным голасам, — справа мая дрэнная. Я заражаны, і праз некалькі дзён ты мяне хаваць будзеш.

Васілій Іванавіч пахіснуўся, нібы хто па нагах яго ўдарыў.

— Еўгеній! — пралепятаў ён. — Што ты гэта!.. Бог з табою! Ты прастудзіўся...

— Годзе, — не спяшаючыся, перапыніў яго Базараў. — Урачу няможна так гаварыць. Усе адзнакі заражэння, ты сам ведаеш.

— Дзе адзнакі... заражэння, Еўгеній?.. злітуйся!

— А гэта што! — прамовіў Базараў і, прыпадняўшы рукаў кашулі, паказаў бацьку выступіўшыя злавесныя чырвоныя плямы.

Васілій Іванавіч здрыгануўся і пахаладзеў ад страху. — Дапусцім, сказаў ён, нарэшце, — дапусцім... калі... калі нават што-небудзь накшталт... заражэння...

— Піэміі, — падказаў сын.

— Ну але... накшталт... эпідэміі...

— Піэміі, — сурова і выразліва паўтарыў Базараў: — хіба ўжо забыўся на свае сшыткі?

— Ну, але, як табе лепей... А ўсё-такі мы цябе вылечым.

— Ну, гэта дудкі. Але не ў тым справа. Я не чакаў, што так хутка памру; гэта выпадковасць, вельмі, па-праўдзе кажучы, непрыемная. Вы абое з маткаю павінны цяпер скарыстаць тое, што ў вас рэлігія моцная; вось вам выпадак паставіць яе на спробу. — Ён адпіў яшчэ крыху вады: — А я хачу папрасіць у цябе адну рэч... пакуль яшчэ магу галавою