Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

бачыць і лічыць яго дзіцём. Ён без патрэбы расцягваў сваю гутарку, ухіляўся слова «папаша» і нават раз замяніў яго словам «бацька», вымаўленым, праўда, праз зубы, з залішняю развязнасцю наліў сабе ў шклянку куды больш віна, як самому хацелася, і выпіў усё віно. Пракоф’іч не спускаў з яго вачэй і толькі губамі пажоўваў. Пасля вячэры ўсе зараз-жа разышліся.

— А дзівакаваты ў цябе дзядзька, — казаў Аркадзію Базараў, седзячы ў халаце каля яго пасцелі і насмоктваючы кароткую люлечку. — Шчогальства якое ў вёсцы, падумаеш! Пазногці дык пазногці, хоць на выстаўку пасылай!

— Ды ты-ж не ведаеш, — адказаў Аркадзій, — ён-жа львом быў у свой час. Я калі-небудзь раскажу табе яго гісторыю. Ён-жа красаўцам быў, галаву кружыў жанчынам!

— Так, вось што! Па старой, значыць, памяці. Захапляць вось тут, шкада, няма каго. Я ўсё глядзеў: гэтакія ў яго дзівосныя каўнерыкі, быццам каменныя, і падбародак так акуратна выбрыты. Аркадзій Нікалаевіч, гэта-ж смешна?

— Бадай; толькі ён, сапраўды, — добры чалавек.

— Архаічная з’ява! А бацька ў цябе слаўны хлопец. Вершы ён дарэмна чытае, і ў гаспадарцы наўрад ці кеміць, але ён дабрак.

— Бацька ў мяне залаты чалавек.

— Ці заўважыў ты, што ён адчувае сябе нясмела?

Аркадзій хіснуў галавою, як быццам ён сам адчуваў сябе іначай.

— Дзіўная справа, — казаў далей Базараў, — гэтыя старэнькія рамантыкі! Разаўюць у сёбе нервовую сістэму да раздражнення... Ну, роўнавага і парушана. Аднак, бывай! У маім пакоі ангельскі рукамыйнік, а дзверы не запіраюцца. Усё-такі гэта падтрымліваць трэба — ангельскія рукамыйнікі, гэта значыць, прагрэс!

Базараў пайшоў, а Аркадзія запанавала радаснае пачуццё. Соладка засынаць у родным доме, на знаёмай пасцелі, пад коўдраю, над якою працавалі любімыя рукі, быць можа, рукі нянькі, тыя ласкавыя, добрыя і нястомныя рукі. Аркадзій успомніў Егораўну, і ўздыхнуў, і пажадаў ёй царства нябеснага... Аб сабе ён не маліўся.

І ён, і Базараў заснулі хутка, але другія асобы ў доме доўга яшчэ не спалі. Зварот сына ўсхваляваў Нікалая Пятровіча. Ён лёг у пасцель, але не патушыў свечкі, і, падпёршы рукою галаву, думаў доўгія думы. Брат яго сядзеў далёка за поўнач у сваім габінеце, на шырокім гамбсавым крэсле, перад камінам, у якім слаба тлеў каменны вугаль. Павел Пятровіч не раздзеўся, толькі кітайскія чырвоныя туфлі без заднікаў змянілі на яго нагах лайкавыя поўбоцікі.