Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

акулярах, з нямецкім абліччам, вылазіў не спяшаючыся з карэты. — Жыў яшчэ, жыў мой Еўгеній, і цяпер будзе выратаваны! Жонка! жонка!.. Да нас анёл з неба...

— Што такое, госпадзі! — пралепятала, выбягаючы з гасцінай, старэнькая і, нічога не разумеючы, тут-жа ў пярэдняй кінулася ў ногі Анны Сяргееўны і пачала, як шалёная, цалаваць яе плацце.

— Што вы! што вы! — гаварыла ўсё Анна Сяргееўна, — але Арына Влас’еўна яе не слухала, а Васілій Іванавіч толькі паўтараў: «анёл! анёл!».

— Wo ist der Kranke[1]? і дзе-ж ёсць пацыент? — прагаварыў, нарэшце, доктар не без некаторага абурэння.

Васілій Іванавіч апамятаўся. — Тут, тут, за мною, вертэстэр гер калега[2], — дадаў ён па старой памяці.

— Э! — вымавіў немец і кісла ашчэрыўся.

Васілій Іванавіч прывёў яго ў габінет.

— Доктар ад Анны Сяргееўны Одзінцовай, — сказаў ён, нахіліўшыся да самага вуха свайго сына, — і яна сама тут.

Базараў раптам расплюшчыў вочы. — Што ты сказаў?

— Я кажу, што Анна Сяргееўна Одзінцова тут і прывезла да цябе гэтага пана доктара.

Базараў павёў вакол сябе вачыма. — Яна тут... я хачу яе бачыць.

— Ты яе ўбачыш, Еўгеній; але спярша трэба пагутарыць з панам доктарам. Я ім раскажу ўсю гісторыю хваробы, бо Сідар Сідаравіч паехаў (так звалі павятовага ўрача), і мы зробім маленькую кансультацыю.

Базараў глянуў на немца. — Ну, гутарце хутчэй, толькі не па-латыні, я-ж разумею, што значыць: jam moritur[3].

— Der Herr scheint des Deutschen mächtig zu sein[4], — пачаў новы выхаванец Эскулапа, звяртаючыся да Васілія Іванавіча.

— Іх... габе... Кажыце ўжо лепш па-руску, — прамовіў стары.

— А, а! — так этто фот как этто... Пошалуй. — І кансультацыя пачалася.

Праз поўгадзіны пасля Анна Сяргееўна, у суправаджэнні Васілія Іванавіча, увайшла ў габінет. Доктар паспеў шапнуць ёй, што няма чаго і думаць пра выздараўленне хворага.

Яна глянула на Базарава... і спынілася каля дзвярэй, — да таго здзівіў яе гэты распалены і ў той-жа час змярцвелы твар з утаропленымі на яе мужнымі вачыма. Яна проста спалохалася нейкім халодным і млосным сполахам; думка, што яна не тое-б адчувала, калі-б сапраўды яго кахала, — у момант бліснула ў яе ў галаве.

— Дзякую, — з патугаю загаварыў ён, — я гэтага не чакаў.

  1. Дзе хворы?
  2. Шаноўнейшы калега.
  3. Памірае ўжо.
  4. Васпан, знаецца, разумее па-нямецку.