Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/163

Гэта старонка не была вычытаная

кравец патрэбен, мяснік... мяса прадае... мяснік... пастойце... я блытаюся... Тут ёсць лес...

Базараў паклаў руку на лоб.

Анна Сяргееўна нахілілася да яго. — Еўгеній Васільіч, я тут.

Ён адразу прыняў руку і прыпадняўся. — Бывайце, — прагаварыў ён з раптоўнай сілай, а вочы яго бліснулі апошнім бляскам. — Бывайце... Паслухайце... я-ж вас не пацалаваў тады... Дзьмухніце на паміраючую лямпу, і хай яна пагасне...

Анна Сяргееўна прыклалася губамі да яго лоба.

— І даволі! — прамовіў ён і апусціўся на падушку. — Цяпер... цемра...

Анна Сяргееўна ціха вышла. — Што? — спытаўся шопатам у яе Васілій Іванавіч.

— Ён заснуў, — адказала яна ледзь чутна.

Базараву ўжо не суджана было прасынацца. Пад вечар ён упаў у поўнае бяспамяцце, а на наступны дзень памёр. Айцец Аляксей адправіў над ім абрады рэлігіі. Калі яму рабілі апошняе памазанне, калі святое міро кранулася яго грудзей, адно вока яго раскрылася, і, здавалася, убачыўшы свяшчэнніка ў аблачэнні, распаленае кадзіла, свечы перад абразом, нешта падобнае на жудасць у момант прайшлося па памярцвелым твары. Калі-ж, нарэшце, ён сканаў і ў доме узняўся агульны плач, Васілія Іванавіча апанавала раптоўнае шаленства. «Я казаў, што буду наракаць на бога», — хрыпла крычаў ён, з палаючым, перакрыўленым тварам, трасучы ў паветры кулаком, як-бы пагражаючы некаму: «і буду наракаць, буду!» Але Арына Влас’еўна, уся ў слязах, павісла ў яго на шыі, і абое разам палі ніц. — «Так», расказвала потым у людской Анфісушка, «побач і панурылі свае галоўкі, нібы авечкі ў поўдзень...»

Але поўдзённая спёка праходзіць, і надыходзіць вечар і ноч, а там і зварот у ціхі прытулак, дзе соладка спіцца змардаваным і стомленым...

XXVIII

Прайшло шэсць месяцаў. Стаяла белая зіма з лютай цішынёй бясхмарных марозаў, шчытным, скрыпучым снегам, ружовым інеем на дрэвах, бледна-смарагдавым небам, шапкамі дыму над комінамі, клубамі пары з раптоўна расчыненых дзвярэй, свежымі, нібы ўкушанымі тварамі людзей і руплівай бягою перамерзлых конікаў. Студзеньскі дзень ужо надыходзіў к канцу; вячэрні холад яшчэ мац-