Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

Ён трымаў у руках апошні нумар Qalignani[1], але ён не чытаў; ён глядзеў пільна ў камін, дзе, то заміраючы, то ўзгараючыся, уздрыгвала блакітнаватае полымя... Бог ведае, дзе блукалі яго думкі, але не ў адным толькі мінулым блукалі яны: выраз яго твара быў сабраны і пахмуры, чаго не бывае, калі чалавек заняты аднымі ўспамінамі. А ў маленькім заднім пакоі, на вялікім сундуку, сядзела, у блакітнай душагрэйцы і з накінутай белай хусткаю на цёмных валасах, маладая жанчына, Фенічка, і то прыслухоўвалася, то драмала, то паглядала на расчыненыя дзверы, з-за якіх быў відаць дзіцячы ложачак, і было чутно роўнае дыханне спячага дзіцяці.


V


На другую раніцу Базараў раней: за ўсіх прачнуўся і вышаў з дому. «Эге!» — падумаў ён, паглядзеўшы навокал. — «А мясцінка непрыглядная». Калі Нікалай Пятровіч размежаваўся з сваімі сялянамі, яму прышлося адвесці пад новую сядзібу дзесяціны чатыры зусім роўнага і голага поля. Ён пабудаваў дом, службу і ферму, насадзіў сад, выкапаў сажалку і дзве студні; але маладыя дрэўцы дрэнна прымаліся, у сажалцы вады набралася вельмі мала, і студні аказаліся саланаватыя на смак. Адна толькі альтанка з бэзу і акацый парадкам разраслася; у ёй часам пілі чай і абедалі. Базараў за некалькі хвілін абег усе дарожкі саду, зайшоў на скацінны двор, на стайню, адшукаў двух дваровых хлапчукоў, з якімі зараз-жа завёў знаёмства, і адправіўся з імі ў невялікае балотца, з вярсту ад маёнтка, па жаб.

— На што табе жабы, барын? — спытаўся ў яго адзін з хлопчыкаў.

— А вось на што, — адказаў яму Базараў, які меў асаблівую здатнасць узнімаць да сябе даверлівасць у людзях нізшых, хоць ён ніколі не патураў ім і абыходзіўся з імі нядбайна: — я жабу распляжу, ды пагляджу, што ў яе там у сярэдзіне робіцца; а таму, што мы з табой тыя-ж жабы, толькі што на нагах ходзім, я і буду ведаць, што і ў нас у сярэдзіне робіцца.

— Ды на што табе гэта?

— А каб не памыліцца, калі ты занядужаеш, і мне цябе лячыць прыдзецца.

— Хіба ты дохтур?

— Але.

— Васька, чуеш, барын кажа, што мы з табой тыя-ж жабы. Дзіўна!

  1. „Gallignalis Messenger“, англійскі часопіс, які выдаваўся ў Парыжы.