Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/20

Гэта старонка не была вычытаная

сеў да стала. На ім быў прыгожы ранішні, у англійскім гусце, гарнітур; на галаве красавалася маленькая феска. Гэта феска і нядбайна павязаны гальштучак намякалі на вольнасць вясковага жыцця; але тугія каўнерчыкі кашулі, праўда не белай, а пярэсценькай, як яно і трэба для ранішняга туалета, з звычайнаю няўмальнасцю ўпіраліся ў выбрыты падбародак.

— Дзе-ж новы твой прыяцель? — спытаўся ён у Аркадзія.

— Яго дома няма; ён звычайна ўстае рана і адпраўляецца куды-небудзь. Галаўнае — не трэба звяртаць на яго з ўвагу: ён цырамоній не любіць.

— Але, гэта відаць. — Павел Пятровіч пачаў, не спяшаючыся, намазваць масла на хлеб. — Доўга ён у нас прагосціць?

— Як давядзецца. Ён заехаў сюды па дарозе да бацькі.

— А бацька яго дзе жыве?

— У нашай-жа губерні, вёрст восемдзесят адсюль. У яго там невялічкі маёнтачак. Ён быў раней палкавым доктарам.

— Тэ, тэ, тэ, тэ... То-ж бо я ў сябе пытаўся: дзе чуў я гэта прозвішча: Базараў?.. Нікалай, помніцца, у бацюхнавай дывізіі быў лекар Базараў?

— Здаецца, быў.

— Праўда, праўда. Дык гэты лекар яго бацька. Гм! — Павел Пятровіч павёў вусамі. — Ну, а сам пан Базараў, уласна, што такое? — спытаўся ён з расстаноўкаю.

— Што такое Базараў? — Аркадзій усміхнуўся. — Хочаце, дзядзечка, я вам скажу, што ён, уласна, такое?

— Зрабі ласку, пляменнічак.

— Ён — нігіліст.

— Як? — спытаўся Нікалай Пятровіч, а Павел Пятровіч падняў на паветра нож з кавалкам масла на канцы ляза, і застаўся нерухомым.

— Ён — нігіліст, — паўтарыў Аркадзій.

— Нігіліст, — прагаварыў Нікалай Пятровіч. — Гэта ад лацінскага nihil, нічога, наколькі я магу меркаваць; значыцца, гэта слова азначае чалавека, які... які нічога не прызнае?

— Скажы: які нічога не паважае, — падхапіў Павел Пятровіч і зноў узяўся за масла.

— Які да ўсяго ставіцца з крытычнага пункту гледжання, — заўважыў Аркадзій.

— А гэта не ўсёроўна? — спытаўся Павел Пятровіч.

— Не, не ўсёроўна. Нігіліст, гэта чалавек, які не схіляецца ні перад якімі аўтарытэтамі, які не прымае ніводнага прынцыпа на веру, як-бы ні паважалі гэты прынцып.

— І што-ж гэта добра? — перапыніў Павел Пятровіч.