Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

— Гледзячы як каму, дзядзечка. іншаму ад гэтага добра, а іншаму вельмі дрэнна.

— Вось як. Ну, гэта, я бачу, не па нашай часці. Мы, людзі старога века, мы думаем, што без прынсіпаў (Павел Пятровіч вымаўляў гэта слова мякка, на французскі манер, Аркадзій, наадварот, вымаўляў «прынцып», налягаючы на першы склад.), без прынсіпаў, прынятых, як ты кажаш, на веру, кроку ступіць, дыхнуць нельга. Vous avez chargé tout cela[1], дай вам бог здароўя і генеральскі чын, а мы толькі любавацца будзем, панове... як гэта?

— Нігілісты, — выразна прагаварыў Аркадзій.

— Але. Раней былі гегелісты, а цяпер нігілісты. Паглядзім, як вы будзеце існаваць у пустаце, у беспаветранай прасторы; а цяпер пазвані, калі ласка, брат, Нікалай Пятровіч, мне пара піць маю какаву.

Нікалай Пятровіч пазваніў, і закрычаў: «Дуняша!» Але заместа Дуняшы на тэрасу вышла сама Фенічка. Гэта была маладая жанчына гадоў дваццаць тры, уся беленькая і мяккая, з цёмнымі валасамі і вачыма, з чырвонымі, па-дзіцячаму пухлявымі губкамі і далікатнымі ручкамі. На ёй было ахайнае паркалёвае плацце; блакітная новая намітка лёгка ляжала на яе круглых плячах. Яна несла вялікі кубак какавы і, паставіўшы яго перад Паўлам Пятровічам, уся засаромілася: гарачая кроў разлілася чырвонаю хваляй пад тонкаю скуркаю яе прывабнага твара. Яна апусціла вочы і спынілася каля стала, злёгку апіраючыся на самыя кончыкі пальцаў. Здавалася, ёй сорамна было, што яна прышла, і ў той-жа час яна як быццам адчувала, што мела права прыйсці.

Павел Пятровіч строга нахмурыў бровы, а Нікалай Пятровіч збянтэжыўся.

— Добры дзень, Фенічка, — прагаварыў ён праз зубы.

— Добры дзень-с, — адказала яна ціхім, але гучным голасам, і, глянуўшы скоса на Аркадзія, які прыязна ёй усміхнуўся, ціхенька вышла. Яна хадзіла крышку ўразвалку, але і гэта да яе ішло...

На тэрасе на працягу некалькіх момантаў панавала маўчанне. Павел Пятровіч пасёрбаў сваю какаву і раптам падняў галаву.

— Вось і пан нігіліст да нас ідзе, — заўважыў ён упоўголас.

Сапраўды, па садзе, ступаючы праз клумбы, ішоў Базараў. Яго палатнянае паліто і нагавіцы былі запэцканы ў гразі; учэпістая балотная расліна абвівала верх яго старога, круглага капелюша; у правай руцэ ён трымаў невя-

  1. Вы ўсё гэта змянілі.