Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

Гэты лекарскі сын не толькі не адчуваў нясмеласці, але нават адказваў адрывіста і неахвотна, і ў гуку яго голаса было нешта грубае, амаль дзёрзкаснае.

— Тамашнія вучоныя путны народ.

— Так, так. Ну, а пра рускіх вучоных вы, напэўна, не трымаецеся гэткага прыязнага погляду?

— Бадай, што так.

— Гэта вельмі пахвальная самаахвярнасць, — вымавіў Павел Пятровіч, выпростваючы стан і закідваючы галаву назад. — Але як-жа нам Аркадзій Нікалаевіч зараз казаў, што вы не прызнаеце ніякіх аўтарытэтаў? Не верыце ім?

— Ды нашто я стану іх прызнаваць? І чаму я буду верыць? Мне скажуць дарэчы, я згаджуся, вось і ўсё.

— А немцы ўсё дарэчы кажуць? — прамовіў Павел Пятровіч, і твар яго набыў такі безуважны, далёкі выраз, нібы ён увесь адышоў у нейкую пазавоблачную вышыню.

— Не ўсе, — адказаў з кароткім пазяханнем Базараў, якому яўна не хацелася весці спрэчку.

Павел Пятровіч глянуў на Аркадзія, як-бы хочучы сказаць яму: «далікатны твой друг, няма чаго сказаць».

— Што да мяне, — загаварыў ён ізноў, не без некаторай натугі, — я немцаў, грэшны чалавек, не паважаю. Пра рускіх немцаў я ўжо не кажу: вядома, што гэта за птушкі. Але і нямецкія немцы мне не па нутры. Яшчэ ранейшыя туды-сюды; тады ў іх былі — ну, там Шылер, ці што, Гётэ... Брат вось ім асабліва спрыяе... А цяпер пайшлі ўсё нейкія хімікі ды матэрыялісты...

— Добры хімік у дваццаць разоў карысней за ўсякага паэта, — перапыніў Базараў.

— Вось як, — прамовіў Павел Пятровіч і, нібы засыпаючы, ледзь-ледзь прыпадняў бровы. — Вы, значыцца, мастацтва не прызнаеце.

— Мастацтва нажываць грошы, альбо няма больш гемароя! — ускрыкнуў Базараў з пагардлівай усмешкаю.

— Так-с, так-с. Вось як вы жартуеце. Гэта вы ўсё, — значыцца, — адкідаеце? Дапусцім. Значыць, вы верыце ў адну навуку?

— Я ўжо далажыў вам, што ні ў што не веру; і што такое навука — навука наогул? Ёсць навукі, як ёсць рамествы, веды; а навука наогул не існуе зусім.

— Вельмі добра. Ну, а наконт другіх, у людскім быце прынятых пастаноў, вы прытрымліваецеся гэткага-ж адмоўнага кірунку?

— Што гэта, допыт? — спытаўся Базараў.

Павел Пятровіч злёгку збялеў... Нікалай Пятровіч палічыў павінным умяшацца ў гутарку.