Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

— Мы калі-небудзь падрабязней пагутарым аб гэтым прадмеце з вамі, ласкавы Еўгеній Васільевіч; і пра вашу думку даведаемся, і сваю выкажам. З свайго боку я вельмі рад, што вы займаецеся прыродазнаўчымі навукамі. Я чуў, што Лібіх зрабіў надзвычайную вынаходку наконт угнаення палёў. Вы можаце мне дапамагчы ў маіх агранамічных работах: вы можаце даць мне якую-небудзь карысную параду.

— Я да вашых паслуг, Нікалай Пятровіч; але куды нам да Лібіха! Спярша трэба азбуку вывучыць і потым ужо ўзяцца за кнігу, а мы яшчэ літары ў вочы не бачылі.

«Ну, ты, я бачу, сапраўды нігіліст», падумаў Нікалай Пятровіч. — Усё-такі дазвольце звярнуцца да вас пры выпадку, — дадаў ён уголас. — А цяпер нам, я думаю, брат, пара пайсці пагаманіць з прыказчыкам.

Павел Пятровіч падняўся з крэсла.

— Але, — прагаварыў ён, ні на кога не гледзячы, — бяда пажыць гэтак гадкоў пяць у вёсцы, далёка ад вялікіх розумаў! Якраз дурань-дурнем робішся. Ты стараешся не забыцца таго, чаму цябе вучылі, а там — хап! — выходзіць, што ўсё гэта лухта, і табе кажуць, што путныя людзі гэтакім глупствам больш не займаюцца, і што ты, моў, адсталы целяпень. Што рабіць! Відаць, моладзь... сапраўды, разумней за нас.

Павел Пятровіч павольна навярнуўся на каблуках і павольна вышаў; Нікалай Пятровіч адправіўся ўслед за ім.

— Што, ён заўсёды ў вас такі? — з халодным спакоем спытаўся Базараў у Аркадзія, як толькі дзверы зачыніліся за абодвума братамі.

— Паслухай, Еўгеній, ты ўжо зандта рэзка з ім абышоўся, — заўважыў Аркадзій. — Ты яго абразіў.

— Але, стану я ім патворыць — гэтым павятовым арыстакратам! Гэта-ж усё ганарыстасць, львіныя прывычкі, фатаўство. Ну, ішоў-бы сваім, шляхам у Пецербургу, калі ўжо такі ў яго склад... А, урэшце, бог з ім зусім! Я знайшоў даволі рэдкі экземпляр вадзянога жука, Dutiscus marginatus ведаеш? Я табе яго пакажу.

— Я табе абяцаўся расказаць яго гісторыю, — пачаў Аркадзій.

— Гісторыю жука?

— Ну, годзе, Еўгеній. Гісторыю майго дзядзькі. Ты ўбачыш, што ён не такі чалавек, якім ты яго ўяўляеш. Яго хутчэй шкадаваць трэба, чым насміхацца.

— Я не спрачаюся; ды што ён табе так даўся?

— Трэба быць справядлівым, Еўгеній.

— Гэта з чаго выходзіць?