Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

шпаркі і глыбокі, бесклапотны да зухвальства і задуменны да суму, — загадкавы погляд. Нешта незвычайнае свецілася ў ім нават тады, калі язык яе лапатаў самыя пустыя словы. Апраналася яна элегантна. Павел Пятровіч спаткаў яе на адным балі, пратанцаваў з ёю мазурку, на працягу якой яна не сказала ніводнага путнага слова, і ўкахаўся ў яе палка. Прывыкшы да перамог, ён і тут хутка дасягнуў сваёй мэты; але лёгкасць поспеху не ахаладзіла яго. Наадварот, ён яшчэ балесней, яшчэ мацней прыліп да гэтай жанчыны, у якой нават тады, калі яна аддавалася дазвання, ўсё яшчэ як быццам заставалася нешта запаветнае і недаступнае, куды ніхто не мог пранікнуць. Што гнездзілася ў гэтай душы, — бог ведае! Здавалася, яна знаходзілася пад уладаю нейкіх патаемных, для яе самой невядомых сіл; яны круцілі ёю, як хацелі; яе невялікі розум не мог зладзіць з іх капрызамі... Усё яе паводжанне ўяўляла шэраг недарэчнасцей; адзіныя лісты, якія маглі-б узняць справядлівыя падазрэнні яе мужа, яна напісала да чалавека, амаль ёй чужога, а ў каханні яе адчуваўся смутак: яна ўжо не смяялася і не жартавала з тым, каго выбрала, і слухала яго і глядзела на яго з неўразуменнем. Часам, большаю часткаю раптоўна, гэта неўразуменне пераходзіла ў халодную жахлівасць; твар яе набываў выраз змярцвелы і дзікі; яна запіралася ў сябе ў спальні, і пакаёўка яе магла чуць, прыпаўшы вухам да замка, яе глухія рыданні. Не раз, варочаючыся да сябе дамоў пасля пяшчотнага спаткання, Кірсанаў адчуваў на сэрцы тую нясцерпную і горкую прыкрасць, якая ўзнімаецца ў сэрцы пасля канчатковай няўдачы. «Чаго-ж я хачу яшчэ?» пытаўся ён у сябе, а сэрца ўсё ныла. Ён аднойчы падарыў ёй пярсцёнак з выразаным на камні сфінксам.

— Што гэта? — спыталася яна: — сфінкс?

— Але, — адказаў ён, — і гэты сфінкс — вы.

— Я? — спыталася яна і павольна ўзняла на яго свой загадкавы погляд. — А ці ведаеце, што гэта вельмі мне падушы? — дадала яна з нязначнаю ўсмешкай, а вочы глядзелі ўсё гэтак-жа дзіўна.

Цяжка было Паўлу Пятровічу нават тады, калі княгіня Р. яго любіла, але калі яна ахаладзела да яго, а гэта здарылася даволі хутка, ён ледзь не звар’яцеў. Ён мучыўся і рэўнаваў, не даваў ёй спакою, цягаўся за ёю ўсюды; ёй абрыдзела яго неадчэпнае ўбяганне, і яна паехала за мяжу. Ён вышаў у адстаўку, не гледзячы на просьбы прыяцеляў, на ўшчункі начальнікаў, і адправіўся следам за княгіняй; гады чатыры правёў ён у чужых краях, то ганяючыся за ёю, то з намерам губляючы яе з вачэй; ён сароміўся самога