Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/31

Гэта старонка не была вычытаная

нічка; але ён не адыходзіў, і яна стаяла перад ім, як ўкопаная, квола перабіраючы пальцамі.

— Чаму вы загадалі вашага маленькага вынесці? — загаварыў, нарэшце, Павел Пятровіч. — Я люблю дзяцей: пакажыце мне яго.

Фенічка ўся пачырванела ад замяшання і ад радасці. Яна баялася Паўла Пятровіча: ён амаль ніколі не гаварыў з ёй.

— Дуняша, — гукнула яна: — прынясіце Міцю (Фенічка ўсім у доме гаварыла вы). А не дык пачакайце, трэба яму плацейка надзець. — Фенічка накіравалася да дзвярэй.

— Ды ўсёроўна, — заўважыў Павел Пятровіч.

— Я зараз, — адказала Фенічка і жвава вышла.

Павел Пятровіч застаўся адзін, і на гэты раз з асабліваю ўвагаю аглянуўся вакол. Невялічкі, нізенькі пакойчык, у якім ён знаходзіўся, быў вельмі чысты і ўтульны. У ім пахла нядаўна пафарбаванаю падлогай, рамонкамі і мялісай. Удоўж сцяны стаялі крэслы з задкамі ў выглядзе лір; яны былі куплены яшчэ нябожчыкам-генералам у Польшчы, у часе паходу; у адным кутку ўзвышаўся ложачак пад мусліновым полагам, побач з кутым сундуком з круглым векам. У супроцьлеглым кутку гарэла лампадка перад вялікім цёмным абразом Нікалая Цудатворца: невялічкае фарфоравае яечка на чырвонай істужцы вісела на грудзях святога, прычэпленае да ззяння; на вокнах банкі з леташнім варэннем, старанна завязаныя, прасвечвалі зялёным святлом; на папяровых іх пакрыўках сама Фенічка напісала буйнымі літарамі: «кружоўнік»; Нікалай Пятровіч любіў асабліва гэта варэнне. Пад столлю, на другой аборынцы, вісела клетка з кароткахвостым чыжом; ён безупынна чырыкаў і скакаў, і клетка безупынна хісталася і дрыжэла: канаплянае зерне, з лёгкім стукам, падала на падлогу. У міжаконні, над невялікім камодам, віселі даволі дрэнныя фатаграфічныя партрэты Нікалая Пятровіча ў розных позах, зробленыя заезджым мастаком; тут-жа вісела фатаграфія самой Фенічкі, зусім няўдалая: нейкі бязвокі твар напружана ўсміхаўся ў цёмнай рамачцы, — больш нічога нельга было разабраць; а над Фенічкай — Ермолаў, у бурцы, грозна хмурыўся на далёкія Каўказскія горы, з-пад шаўковага башмачка для булавак, які спадаў яму на самы лоб.

Прайшло хвілін пяць; у суседнім пакоі чуваць быў шэлест і шопат. Павел Пятровіч узяў з камода замусоленую кнігу, разрознены том Стральцоў Масальскага, перагарнуў некалькі старонак... Дзверы адчыніліся, і ўвайшла Фенічка з Міцем на руках. Яна надзела на яго чырвоную кашульку з кутасом на каўняры, прычасала яго валаскі і выцерла