Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/41

Гэта старонка не была вычытаная

— Зусім правільна-с; але я думаю, што вы гэтакай-жа думкі аб арыстакратах, як і аб арыстакратыках. Я лічу за абавязак абвясціць вам, што я гэтай думкі не падзяляю. Смею сказаць, мяне ўсе ведаюць за чалавека ліберальнага і які любіць прагрэс; але іменна таму я паважаю арыстакратаў — сапраўдных. Прыгадайце, міласлівы гасудар (пры гэтых словах Базараў узняў вочы на Паўла Пятровіча), прыгадайце, міласлівы гасудар, — паўтарыў ён з разлютаванасцю, — ангельскіх арыстакратаў. Яны не ўступаюць ёты ад правоў сваіх, і таму яны паважаюць правы другіх; яны патрабуюць выканання абавязкаў у дачыненні да іх, і таму яны самі выконваюць свае абавязкі. Арыстакратыя дала волю Англіі і падтрымлівае яе.

— Чулі мы гэту песню шмат разоў, — сказаў на гэта Базараў: — але што вы хочаце гэтым давесці?

— Я эфцім хачу давесці, міласлівы гасудар (Павел Пятровіч, калі злаваў, наўмысля казаў: «эфцім» і «эфто», хоць вельмі добра ведаў, што падобных слоў граматыка не дапускае. У гэтай вычудзе былі рэшткі Александраўскага часу. Тагочасныя тузы, у рэдкіх выпадках, калі гаварылі на роднай мове, ужывалі адны — эфто, другія — эхто: мы, моў, карэнныя русакі, і ў той-жа час мы вяльможы, якім дазваляецца грэбаваць школьныя правілы), я эфцім хачу давесці, што без пачуцця ўласнай вартасці, без павагі да самога сябе — а ў арыстакрату гэтыя пачуцці развіты, — няма ніякай асновы грамадскаму... bien public...[1] грамадскаму будынку. Асоба, міласлівы гасудар, — вось галоўнае; чалавечая асоба павінна быць моцная, як скала, бо на ёй усё будуецца. Я вельмі добра ведаю, напрыклад, што вы маеце ласку лічыць смешнымі мае прывычкі, мой туалет, маю ахайнасць нарэшце, але гэта ўсё выходзіць з пачуцця самапавагі, з пачуцця абавязку, так-с, так-с, абавязку. Я жыву ў вёсцы, у глушы, але я не губляю сябе, я паважаю ў сабе чалавека.

— Дазвольце, Павел Пятровіч, — прамовіў Базараў: — вы вось паважаеце сябе і сядзіце склаўшы рукі; якая-ж ад гэтага карысць для bien public? Вы-б не паважалі сябе і тое-ж бы рабілі.

Павел Пятровіч збялеў.

— Гэта зусім другое пытанне. Мне зусім не прыходзіцца растлумачваць вам цяпер, чаму я сяджу склаўшы рукі, як вы маеце ласку гаварыць. Я хачу толькі сказаць, што арыстакратызм — прынсіп, а без прынсіпаў жыць у наш час могуць адны распусныя і пустыя людзі. Я казаў гэта Аркадзію на другі дзень яго прыезду і паўтараю цяпер вам. Гэтак, Нікалай?

  1. На карысць (дабро) грамадству.