Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

колер. — Па-першае, мы нічога не прапаведваем; гэта не ў нашых прывычках...

— Што-ж вы робіце?

— А вось шта мы робім. Раней, у нядаўні яшчэ час мы гаварылі, што чыноўнікі нашы бяруць хабары, што ў нас няма ні дарог, ні гандлю, ні правільнага суда...

— Ну, але, але, вы выкрывальнікі — так, здаецца, гэта называецца. З шмат якімі з вашых выкрыванняў і я згаджаюся, але.

— А потым мы здаўмеліся, што гаварыць, усё толькі гаварыць аб нашых язвах не варта працы, што гэта вядзе толькі да брыдасці і дактрынёрства; мы ўбачылі, што і разумнікі нашы, так званыя перадавыя людзі і выкрывальнікі, нікуды не варты, што мы займаемся лухтою, разважаем аб нейкім мастацтве, несвядомай творчасці, аб парламентарызме, аб адвакатуры і чорт ведае аб чым, калі справа ідзе аб надзённым хлебе, калі самыя грубыя прымхі нас душаць, калі ўсе нашы акцыянерныя таварыствы лопаюцца толькі ад таго, што аказваецца недахоп у сумленных людзях, калі самая воля, аб якой клапоціцца ўрад, бадай ці пойдзе нам на карысць, таму што мужык наш рад самога сябе абакрасці, каб толькі напіцца дурману ў шынку.

— Так, — перапыніў Павел Пятровіч, — так: вы ва ўсім гэтым пераканаліся і вырашылі самі ні за што сур’ёзна не брацца.

— І вырашылі ні за што не брацца, — панура паўтарыў Базараў. Яму раптам стала прыкра на самога сябе, чаго ён так разышоўся перад гэтым барынам.

— А толькі лаяцца?

— І лаяцца.

— І гэта называецца нігілізмам?

— І гэта называецца нігілізмам, — паўтарыў ізноў Базараў, на гэты раз з асаблівай дзёрзкасцю.

Павел Пятровіч злёгку прыжмурыўся.

— Дык вось як! — прамовіў ён дзіўна спакойным голасам. — Нігілізм усяму гору дапамагчы павінен, і вы, вы нашы збавіцелі і героі. Але за што-ж вы другіх, хоць-бы тых-жа выкрывальнікаў, шальмуеце? Ці не гэтак-жа вы балбочаце, як і ўсе?

— Чым другім, а гэтым грахом не грашны, — вымавіў праз зубы Базараў.

— Дык што-ж? вы дзейнічаеце, ці што? Збіраецеся дзейнічаць?

Базараў нічога не адказаў. Павел Пятровіч так і дрогнуў, але зараз-жа авалодаў сабою.