Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

Мужычок ехаў трушком на белым коніку па цёмнай, вузкай дарожцы ўдоўж самога асінніка: ён увесь быў ясна відзён, увесь, да латкі на плячы, дарма што ехаў у цяні; прыемна-выразіста мільгалі ногі коніка. Сонечныя праменні з свайго боку забіраліся ў асіннік і, прабіваючыся праз гушчэчу, аблівалі ствалы асін такім цёплым святлом, што яны рабіліся падобныя на ствалы сосен, а лісце іх амаль сінела, і над ім узнімалася бледнаблакітнае неба, ледзь абрумяненае зарою. Ластаўкі лёталі высока; вецер зусім замёр; запозненыя пчолы лена і санліва гулі ў кветках бэзу; мошкі таўкліся слупам над адзінокаю, далёка прасцертаю галінаю. «Як добра, божа мой!» падумаў Нікалай Пятровіч, і любімыя вершы прышлі былі яму на вусны: ён успомніў Аркадзія, Stoff und Kraft — і змоўк, але ўсё сядзеў, ўсё аддаваўся гораснай і прыемнай гульні адзінокіх дум. Ён любіў памарыць; вясковае жыццё развіло ў ім гэту здатнасць. Ці даўно ён гэтак-жа марыў, чакаючы сына на пастаялым дварку, а з той пары ўжо адбылася змена, ужо вызначаліся, тады яшчэ няясныя, адносіны... і як! Паўстала перад ім ізноў нябожчыца-жонка, але не такою, якою ён яе ведаў на працягу шмат гадоў, не дамавітаю, добраю гаспадыняй, а маладою дзяўчынай з тонкім станам, нявінна-дапытлівым поглядам і туга закручанаю касою над дзіцячай шыйкаю. Успомніў ён, як убачыў яе першы раз. Ён быў тады яшчэ студэнтам. Ён сустрэў яе на лесніцы кватэры, у якой ён жыў, і, знячэўку таўхнуўшы яе, павярнуўся, хацеў папрасіць прабачэння і толькі мог прамармытаць: «pardon, monsieur»[1], а яна нахіліла галаву, усміхнулася, і раптам як быццам спалохалася і пабегла, а на павароце лесніцы шпарка глянула на яго, зрабіла сур’ёзны выгляд і пачырванела. А потым першыя нясмелыя наведванні, поўсловы, поўсмешкі, і неўразуменне, і журба, і парыванні, і нарэшце гэта заходлівая радасць... Куды гэта ўсё адляцела? Яна стала яго жонкаю, ён быў шчаслівы, як мала хто на зямлі... «Але, — думаў ён: — тыя слодычныя, першыя моманты, чаму-б не жыць ім вечным, неўмірушчым жыццём?»

Ён не стараўся асвятліць самому сабе сваю думку, але ён адчуваў, што яму хацелася ўтрымаць той шчаслівы час чым-небудзь больш магутным, як памяць — яму хацелася зноў чуць блізка сваю Марыю, адчуць яе цеплыню і дыханне, і яму ўжо трызнілася, як быццам над ім...

— Нікалай Пятровіч, — пачуўся блізка каля яго голас Фенічкі, — дзе вы?

Ён здрыгануўся. Яму не зрабілася ні балюча, ні сорамна... Ён не дапускаў нават магчымасці параўнання паміж жонкаю і Фенічкаю, але ён пашкадаваў аб тым, што яна

  1. Прабачце, васпан!