Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/5

Гэта старонка не была вычытаная
I

— Што, Пётр? Не відаць яшчэ? — пытаўся 20-га мая 1859 года, выходзячы без шапкі на нізкі ганачак пастаялага двара на *** шасе, пан гадоў сорак з нечым, у запыленым паліце і нагавіцах у клетачкі, у свайго слугі, маладога мардатага дзецюка з белаватым пухам на падбародку і маленькімі цмянымі вочкамі.

Слуга, ў якім усё: і бірузовая завушніца ў вуху, і напамаджаныя стрыкатыя валасы, і далікатныя рухі цела, словам, усё паказвала ў ім чалавека навейшага, удасканаленага пакалення, паглядзеў лагодна ўдоўж дарогі і адказаў: «Ніяк не, не відаць».

— Не відаць? — паўтарыў пан.

— Не відаць, — другі раз адказаў слуга.

Пан уздыхнуў і прысеў на лавачку. Пазнаёмім з ім чытача, пакуль ён сядзіць, падагнуўшы пад сябе ножкі і задуменна паглядаючы навокал.

Завуць яго Нікалаем Пятровічам Кірсанавым. У яго за пятнаццаць верст ад пастаялага двара добры маёнтак у дзвесце душ, альбо, як ён кажа, з той пары як размежаваўся з сялянамі і завёў «ферму», — у дзве тысячы дзесяцін зямлі. Бацька яго, баявы генерал 1812 года, малапісьменны, грубы, але нязлы рускі чалавек, усё жыццё сваёцягнуў лямку; камандаваў спярша брыгадай, потым дывізіяй, і заўсёды жыў у правінцыі, дзе па свайму чыну граў даволі значную ролю. Нікалай Пятровіч нарадзіўся на поўдні Расіі, так як і старэйшы яго брат Павел, пра якога гутарка наперадзе, і выхоўваўся да чатырнаццацігадовага ўзросту дома, абкружаны таннымі гувернёрамі, развязнымі, але ліслівымі ад’ютантамі і іншымі палкавымі і штабнымі асобамі. Радзіцелька яго з сям’і Калязіных, у дзеўках Agathe[1], а ў генеральшах Агафаклея Кузьмінішна Кірсанава, належала да ліку «матухнаў-камандзірш», насіла пышныя чапцы і шумныя шаўковыя плацці, у царкве падходзіла першая да крыжа, гаварыла

  1. Агаф’я.