Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

рутынёраў і адсталых бюракратаў, што ён не пакідае без увагі ніводнай важнай праявы грамадскага жыцця... Усе падобныя словы былі яму добра вядомы. Ён нават сачыў, праўда, з нядбайнаю веліччу, за развіццём сучаснай літаратуры; так дарослы чалавек, сустрэўшы на вуліцы працэсію хлапчукоў, часам далучаецца да яе. Па сутнасці, Мацвей Ільіч недалёка адышоў ад тых дзяржаўных мужоў Александраўскага часу, якія, рыхтуючыся ісці на вечар да пані Свечынай, што жыла тады ў Пецербургу, прачытвалі раніцою старонку з Кандыльяка; толькі прыёмы ў яго былі другія, больш сучасныя. Ён быў спрытны прыдворны, вялікі хітрун і больш нічога; у справах толку не ведаў, розуму не меў, а ўмеў весці свае ўласныя справы; тут ужо ніхто не мог яго асядлаць, а гэта-ж — галоўнае.

Мацвей Ільіч прыняў Аркадзія з уласцівай асвечанаму саноўніку добрадушнасцю, скажам больш, — з гуллівасцю. Ён аднак здзівіўся, калі даведаўся, што запрошаныя ім сваякі асталіся ў вёсцы. «Дзівак быў твой папа заўсёды», заўважыў ён, падкідаючы кутасы свайго пышнага аксамітнага шлафрока, і раптам, звярнуўшыся да маладога чыноўніка ў зашпіленым з дбайнай прыстойнасцю віц-мундзіры, выгукнуў з заклапочаным выглядам: «чаго?» Малады чалавек, у якога ад доўгага маўчання зліпліся губы, прыпадняўся і, не разумеючы, паглядзеў на свайго начальніка. Але, збіўшы з панталыку падначаленага, Мацвей Ільіч ужо не звяртаў на яго ўвагі. Саноўнікі нашы наогул любяць збіваць з панталыку падначаленых; спосабы, да якіх яны зварачаюцца для дасягнення гэтай мэты, даволі рознастайныя. Наступны спосаб, між іншым, вельмі ўжываецца, «is quite a favorite»[1], як кажуць ангельцы: саноўнік раптам перастае разумець самыя простыя словы, глухату на сябе напускае. Ён спытаецца, напрыклад: які сягоння дзень?

Яму найпачцівей дакладваюць: «пятніца сягоння, ваша с… с… с…ства».

— А? што? Што такое? Што вы кажаце? — напружана паўтарае саноўнік.

— Сягоння пятніца, ваша с… с…ства.

— Як? Што? Што такое пятніца? Якая пятніца?

— Пятніца, ваша с… ссс… ссс…ства, дзень у тыдні.

— Ну-у, ты вучыць мяне ўздумаў?

Мацвей Ільіч усё-такі быў саноўнік, хоць і лічыўся лібералам.

— Я раю табе, друг мой, з’ездзіць з візітам да губернатара, — сказаў ён Аркадзію: — ты разумееш, я табе гэта раю не таму, каб я прытрымліваўся старасвецкіх поглядаў

  1. Вельмі аблюбёны.