Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/53

Гэта старонка не была вычытаная

сіў... Я сягоння даведаўся аб вашым прыездзе і ўжо быў у вас... (Сапраўды, прыяцелі, вярнуўшыся да сябе ў нумар, знайшлі там картачку з загнутымі рагамі і з імем Сітнікава на адным баку па-французску, на другім — славянскай вяззю). Я спадзяюся, вы не ад губернатара?

— Не спадзявайцеся, мы проста ад яго.

— А ў такім выпадку і я да яго пайду... Еўгеній Васільевіч, пазнаёмце мяне з вашым... з імі...

— Сітнікаў, Кірсанаў, прабурчэў, не спыняючыся, Базараў.

— Мне вельмі прыемна, — пачаў Сітнікаў, выступаючы бокам, ухмыляючыся і спешна сцягваючы свае ўжо праз меру элегантныя пальчаткі. Я вельмі шмат чуў... Я даўні знаёмы Еўгенія Васільевіча і магу сказаць — яго вучань. Я яму абавязаны маім перараджэннем.

Аркадзій паглядзеў на базараўскага вучня. Трывожны і бязглузды выраз быў у маленькіх, аднак, прыемных рысах яго прылізанага твара; невялікія, нібы ўціснутыя вочы глядзелі пільна і непакойна, і смяяўся ён непакойна: нейкім кароткім, драўляным смехам.

— Ці паверыце, — казаў ён: — што калі пры мне Еўгеній Васільевіч першы раз сказаў, што не трэба прызнаваць аўтарытэтаў, я адчуў такую радасць... нібы ўбачыў свет! Вось, падумаў я, нарэшце знайшоўся чалавек! Дарэчы, Еўгеній Васільевіч, вам абавязкова патрэбна схадзіць да адной тутэйшай дамы, якая зусім можа зразумець вас, і для якой ваша завітанне будзе цэлым святам; вы, я думаю, чулі пра яе?

— Хто такая? — вымавіў знехаця Базараў.

— Кукшына, Eudoxie[1], Еўдаксія Кукшына, Гэта — выдатная натура, emancipee[2] ў сапраўдным сэнсе слова, перадавая жанчына. Знаеце што? Пойдземце цяпер да яе ўсе разам. Яна жыве адсюль за два крокі. Мы там паснедаем. Вы-ж яшчэ не снедалі?

— Не яшчэ.

— Ну, і вельмі добра. Яна, вы разумееце, раз’ехалася з мужам, ні ад каго не залежыць.

— Харошанькая яна? — перапыніў Базараў.

— Н... не, гэтага нельга сказаць.

— Дык для якога-ж д’ябла вы нас да яе клічаце?

— Ну, жартаўнік, жартаўнік... яна нам бутэльку шампанскага паставіць.

— Вось як! Зараз відаць практычны чалавек. Дарэчы, ваш бацюхна ўсё па адкупах?

— Па адкупах, — хапатліва прагаварыў Сітнікаў і вераскліва засмяяўся. — Што-ж? згода?

  1. Еўдакія.
  2. Эманcіпіраваная, вольная.