Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/6

Гэта старонка не была вычытаная

голасна і шмат, дапускала дзяцей раніцою да ручкі, нанач іх бласлаўляла, — словам, жыла як мае быць. У якасці генеральскага сына, Нікалай Пятровіч — хоць не толькі не адзначаўся храбрасцю, але нават заслужыў мянушку баязліўца — павінен быў, як і брат Павел, паступіць на ваенную службу; але ён пераламаў сабе нагу ў самы той дзень, калі ўжо прышло паведамленне аб яго прызначэнні, і, праляжаўшы два месяцы ў пасцелі, на ўсё жыццё застаўся «кульгавенькім». Бацька махнуў на яго рукой і пусціў яго па цывільнай. Ён павёз яго ў Пецербург, як толькі яму мінуў восемнаццаты год, і памясціў яго ў універсітэце. Дарэчы брат яго ў той час вышаў афіцэрам у гвардзейскі полк. Маладыя людзі жылі ўдвух, на адной кватэры, пад далёкім наглядам стрыечнага дзядзькі з матчынага боку, Ільі Калязіна, важнага чыноўніка. Бацька іх вярнуўся да сваёй дывізіі і да сваёй жонкі, і толькі зрэдку прысылаў сынам вялікія чацвяртушкі шэрай паперы, спярэшчаныя размашлівым пісарскім почыркам. На канцы гэтых чацвяртушак красаваліся старанна абкружаныя «выкрунтасамі» словы: «Піотр Кірсанаў, генерал-маёр». У 1835 годзе Нікалай Пятровіч вышаў з універсітэта кандыдатам, і ў тым-жа годзе генерал Кірсанаў, звольнены ў адстаўку за няўдачны агляд, прыехаў у Пецербург з жонкаю на жыццё. Ён наняў быў дом каля Таўрычаскага саду і запісаўся ў ангельскі клуб, але раптоўна памёр ад удару. Агафаклея Кузьмінішна хутка пайшла за ім: яна не магла прывыкнуць да глухога сталічнага жыцця; туга адстаўнога існавання яе загрызла. Між тым, Нікалай Пятровіч паспеў, яшчэ пры жыцці бацькоў і на нямалую іх прыкрасць, закахацца ў дачку чыноўніка Прэпалавенскага, былога гаспадара яго кватэры, прывабную і, як гаворыцца, развітную дзяўчыну: яна ў часопісах чытала сур’ёзныя артыкулы ў аддзеле «Навук». Ён ажаніўся з ёю, як толькі мінуў тэрмін жалобы і, пакінуўшы міністэрства ўдзелаў, куды па пратэкцыі бацька яго запісаў, цешыўся шчасцем з сваёю Машай спярша на дачы каля Ляснога інстытута, потым у горадзе, у маленькай і харошанькай кватэры з чыстаю лесніцаю і халаднаватаю гасцінай, нарэшце — у вёсцы, дзе ён пасяліўся канчаткова, і дзе ў яго ў хуткім часе нарадзіўся сын, Аркадзій. Муж і жонка жылі вельмі добра і ціха: яны амаль ніколі не расставаліся, чыталі разам, ігралі ў чатыры рукі на фартэпіяна, пелі дуэты; яна саджала кветкі і наглядала за птушыным дваром, ён зрэдку ездзіў на паляванне і займаўся гаспадаркаю, а Аркадзій рос ды рос — таксама добра і ціха. Дзесяць гадоў прайшло, як сон. У 47-м годзе жонка Кірсанава сканала. Ён ледзь знёс гэта гора, пасівеў за некалькі тыдняў;