Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

— Ва ўсім патрэбен парадак, — адказала яна.

— Што за цудоўная жанчына Анна Сяргееўна, — ускрыкнуў Аркадзій, застаўшыся адзін з сваім другам у адведзеным ім пакоі.

— Але, — адказаў Базараў, — баба з мазгамі. Ну, і бачыла-ж яна віды.

— У якім сэнсе ты гэта гаворыш, Еўгеній Васільіч?

— У добрым сэнсе, у добрым, бацюхна вы мой Аркадзій Нікалаіч! Я ўпэўнены, што яна і сваім маёнткам добра кіруе. Але цуд — не яна, а яе сястра.

— Як? гэта смугленькая?

— Але, гэта смугленькая. Гэта вось свежа, і не кранута, і пужліва, і маўкліва, і ўсё, што хочаш. Вось кім можна заняцца. З гэтай яшчэ, што ўздумаеш, тое і зробіш, а тая — цёрты калач.

Аркадзій нічога не адказаў Базараву, і кожны з іх лёг спаць з асаблівымі думкамі ў галаве.

І Анна Сяргееўна ў той вечар думала пра сваіх гасцей. Базараў ёй спадабаўся — адсутнасцю какецтва і самаю рэзкасцю думак. Яна бачыла ў ім нешта новае, з чым ёй не здаралася сустрэцца, а яна была цікаўная.

Анна Сяргееўна была даволі дзіўная істота. Вольная ад усякай прыхамаці, не маючы нават ніякіх моцных вераванняў, яна ні перад чым не ўступала і нікуды не ішла. Яна шмат ясна бачыла, шмат што яе цікавіла, і нішто не задавальняла яе поўнасцю; ды яна бадай ці і жадала поўнага задавальнення. Яе розум быў дапытлівы і роўнадушны ў адзін і той-жа час; яе сумненні не сціхалі ніколі да забыўчасці, і ніколі не дарасталі да трывогі. Не будзь яна багатаю і незалежнаю, яна, быць можа, кінулася-б у бітву, знайшла-б запал... Але ёй жылося лёгка, хоць яна і нудзілася падчас, і яна праводзіла дзень за днём, не спяшаючыся і толькі зрэдку хвалюючыся. Вясёлкавыя фарбы загараліся часам і ў яе перад вачыма, але яна адпачывала, калі яны згасалі, і не шкадавала аб іх. Уяўленне яе ляцела нават за межы таго, што паводле законаў звычайнай маралі лічыцца дазволеным; але і тады кроў яе па-ранейшаму ціха струменіла ў яе прывабна-стройным целе. Бывала, вышаўшы з водарнай ванны, уся цёплая і распешчаная, яна замарыцца аб нікчэмнасці жыцця, аб яго горы, працы і зле... Душа яе напаўняецца раптоўнаю смеласцю, закіпіць высокім імкненнем; але падзьме падвей з поўзачыненага акна, і Анна Сяргееўна ўся сціснецца, і скардзіцца, і амаль злуецца, і толькі адно ёй патрэбна ў гэты момант: каб не дзьмуў на яе гэты паганы вецер.