Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/73

Гэта старонка не была вычытаная

Як усе жанчыны, якім не ўдалося пакахаць, яна хацела нечага, сама не ведаючы, чаго іменна. Уласна ёй нічога не хацелася, хоць ёй здавалася, што ёй хацелася ўсяго. Нябожчыка Одзінцова яна ледзьве трывала (яна вышла за яго з-за выгоды, хоць яна, напэўна, не згадзілася-б зрабіцца яго жонкаю, калі-б яна не лічыла яго за добрага чалавека) і атрымала тайную гідлівасць да ўсіх мужчын, якіх уяўляла сабе не іначай, як неахайнымі, цяжкімі і вялымі, бяссільна дакучнымі істотамі. Раз яна недзе за мяжою сустрэла маладога прыгожага шведа з рыцарскім выразам твара, з шчырымі блакітнымі вачыма пад адкрытым лобам; ён зрабіў на яе моцнае ўражанне, але гэта не перашкаджала ёй вярнуцца ў Расію.

«Дзіўны чалавек гэты лекар!» думала яна, лежачы ў сваёй раскошнай пасцелі, на мярэжных падушках, пад лёгкаю шаўковаю коўдраю... Анна Сяргееўна пераняла ад бацькі часцінку яго нахілу да раскошы. Яна вельмі любіла свайго грэшнага, але добрага бацьку, а ён абажаў яе, па-сяброўску жартаваў з ёю, як з роўнаю, і давяраў ёй цалкам, раіўся з ёю. Маці сваю ледзьве помніла.

«Дзіўны гэты лекар!» паўтарыла яна сама сабе. Яна пацягнулася, усміхнулася, закінула рукі за галаву, потым прабегла вачыма старонкі дзве бязглуздага французскага рамана, упусціла кніжку — і заснула, уся чыстая і халодная, у чыстай і пахучай бялізне.

Наступным раннем Анна Сяргееўна, зараз-жа пасля снедання, адправілася батанізіраваць з Базаравым і вярнулася перад самым абедам; Аркадзій нікуды не адыходзіў і правёў каля гадзіны з Кацяю. Яму не было нудна з ёю, яна сама напрасілася паўтарыць яму ўчарашнюю санату; але калі Одзінцова вярнулася нарэшце, калі ён убачыў яе — сэрца ў ім раптоўна сціснулася... Яна ішла па садзе крыху стомленай паходкаю; шчокі яе чырванелі, і вочы свіціліся ярчэй як зазвычай пад саламяным круглым капелюшом. Яна круціла ў пальцах тонкую сцяблінку палявой кветкі, лёгкая мантылля спусцілася ёй на локці, і шырокія шэрыя істужкі капелюша прыпалі да яе грудзей. Базараў ішоў ззаду яе, самаўпэўнена і нядбайна, як заўсёды, але выраз яго твара, хоць вясёлы і нават ласкавы, не спадабаўся Аркадзію. Прамармытаўшы праз зубы: «здароў!» — Базараў. накіраваўся да сябе ў пакой, а Одзінцова рассеяна паціснула Аркадзію руку і таксама прайшла міма.

«Здароў», падумаў Аркадзій... «Хіба мы не бачыліся сягоння?»