Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/74

Гэта старонка не была вычытаная
XVII

Час (справа вядомая) ляціць калі птушкай, калі паўзе чарвяком; але чалавеку бывае асабліва добра тады, калі ён нават не заўважае — ці хутка, ці паволі ён праходзіць. Аркадзій і Базараў іменна такім чынам правялі дзён пятнаццаць у Одзінцовай. Гэтаму крыху спрыяў парадак, які яна завяла ў сябе ў доме і ў жыцці. Яна строга яго прытрымлівалася і прымушала другіх яму пакарацца. Усё на працягу дня адбывалася ў пэўную пару. Раніцою, роўна а восьмай гадзіне, уся кампанія збіралася на чай; ад чаю да снедання кожны рабіў, што хацеў, сама гаспадыня займалася з прыказчыкам (маёнтак быў на аброку), з дварэцкімі, з галоўнай ключніцаю. Перад абедам кампанія зноў сыходзілася для гутаркі і для чытання; вечар прысвячаўся прагулцы, картам, музыцы; а палове адзінаццатай Анна Сяргееўна адыходзіла да сябе ў пакой, аддавала загады на наступны дзень і клалася спаць. Базараву не падабалася гэта размераная, крыху ўрачыстая правільнасць штодзённага жыцця: «як па рэйках коцішся», упэўняў ён: ліўрэйныя лёкаі, падцягнутыя дварэцкія абражалі яго дэмакратычнае пачуццё. Ён лічыў, што ўжо калі на тое пайшло, дык абедаць трэба па-ангельску, у фраках і ў белых гальштуках. Ён аднойчы гаварыў аб гэтым з Аннай Сяргееўнай. Яна так сябе трымала, што кожны чалавек, проста, выказваў перад ёю свае думкі. Яна выслухала яго і прамовіла: «з вашага пункту гледжання вы маеце рацыю — і, можа быць, у гэтым выпадку, я — пані; але ў вёсцы нельга жыць бязладна, нуда апануе», — і далей рабіла па-свойму. Базараў бурчэў, але і яму і Аркадзію таму і жылося так лёгка ў Одзінцовай, што ўсё ў яе доме «кацілася як па рэйках». З усім тым, у абодвух маладых людзях, з першых-жа дзён іх жыцця ў Нікольскім адбылася перамена. У Базараве, да якога Анна Сяргееўна відавочна адчувала прыхільнасць, хоць рэдка з ім згаджалася, пачала праяўляцца небывалая раней трывога: ён лёгка абураўся, гаварыў знехаця, глядзеў сярдзіта і не мог уседзець на месцы, нібы што яго падмывала; а Аркадзій, які канчаткова сам з сабой вырашыў, што закаханы ў Одзінцову, пачаў аддавацца ціхаму смутку. Урэшце, гэты смутак не перашкаджаў яму зблізіцца з Кацяю; ён нават дапамог яму ўвайсці з ёю ў ласкавыя, прыязныя адносіны. «Мяне яна не цэніць! Хай!.. А вось добрая істота мяне не адкідае», думаў ён, і сэрца яго зноў акуналася ў слодыч вялікадушных адчуванняў. Каця цмяна разумела, што ён шукаў нейкай уцехі ў кампаніі з ёю, і не адмаўляла ні яму, ні сабе ў чыстай прыемнасці, поўсарамлі-