Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/75

Гэта старонка не была вычытаная

вай, поўдаверлівай дружбы. У прысутнасці Анны Сяргееўны яны не гаварылі паміж сабою. Каця заўсёды сціскалася пад пільным поглядам сястры, а Аркадзій, як яно і трэба закаханаму чалавеку, блізка каля свайго прадмета ўжо не мог звяртаць увагу ні на што іншае; але добра было з адной Кацяю. Ён адчуваў, што не мае сілы зацікавіць Одзінцову; ён адчуваў нясмеласць і губляўся, калі заставаўся з ёю адзін-на-адзін; і яна не ведала, што яму сказаць, ён быў занадта для яе малады. Наадварот, з Кацяю Аркадзій быў як дома; ён абыходзіўся з ёю выбачліва, не перашкаджаў ёй выказваць уражанні, узнятыя ў ёй музыкаю, чытаннем аповесцей, вершаў і іншымі драбніцамі, сам не заўважаючы альбо не ўсведамляючы, што гэтыя дробязі і яго займалі. З свайго боку, Каця не перашкаджала яму сумаваць. Аркадзію было добра з Кацяю, Одзінцовай — з Базаравым, а таму звычайна здаралася так: абедзве парачкі, пабыўшы трохі разам, разыходзіліся кожная ў свой бок, асабліва ў час прагулак. Каця абажала прыроду, і Аркадзій яе любіў, хоць і не адважваўся прызнацца ў гэтым; Одзінцова была да яе даволі роўнадушная, гэтак-жа, як і Базараў. Амаль заўсёднае раз’яднанне нашых прыяцеляў не засталося без вынікаў, адносіны між імі пачалі мяняцца. Базараў перастаў гаварыць з Аркадзіем пра Одзінцову, перастаў нават лаяць яе «арыстакратычныя замашкі», праўда, Кацю ён хваліў па-ранейшаму і толькі раіў сцішаць у ёй сантыментальныя нахілы, але пахвальба яго была таропкая, парады сухія, і наогул ён з Аркадзіем гутарыў куды менш, як раней... ён як быццам ухіляўся, як, быццам сароміўся яго...

Аркадзій усё гэта заўважаў, але таіў у сабе свае заўвагі.

Сапраўднаю прычынай усёй гэтай «навізны» было пачуццё, узнятае ў Базараве Одзінцовай, пачуццё, якое яго мучыла і бясіла і ад якога ён зараз-жа адмовіўся-б з пагардлівым рогатам і цынічнаю лаянкай, калі-б хто-небудзь хоць далёка, намякнуў яму на магчымасць таго, што ў ім адбывалася. Базараў быў вялікі ахвотнік да жанчын і да жаночай прыгожасці, але каханне ў сэнсе ідэальным альбо, як ён гаварыў, рамантычным, называў лухтою, невыбачнай дурносцю, лічыў рыцарскія пачуцці нечым накшталт выродлівасці альбо хваробы і не аднойчы выказваў сваё здзіўленне, чаму не пасадзілі ў жоўты дом Тогенбурга з усімі мінезінгерамі і трубадурамі? — «Падабаецца табе жанчына», казаў ён, «старайся дабіцца толку; а нельга — ну, не трэба, адвярніся — зямля не клінам сышлася». Одзінцова яму падабалася, распаўсюджаныя чуткі пра яе, вольнасць