Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/76

Гэта старонка не была вычытаная

і незалежнасць яе думак, яе бясспрэчная прыхільнасць да яго — усё, здавалася, гаварыла ў яго карысць; але ён хутка зразумеў, што з ёю «не даб’ешся толку», а адвярнуцца ад яе ён, на сваё дзіва, не меў сілы. Кроў яго загаралася, як толькі ён успамінаў пра яе; ён лёгка зладзіў-бы з сваёю крывёю, але нешта другое ў яго ўсялілася, чаго ён ніяк не дапускаў, з чаго заўсёды кпіў, што абурала ўсю яго гордасць. У гутарках з Аннай Сяргееўнай ён яшчэ больш, як раней, выказваў сваю роўнадушную пагарду да ўсяго рамантычнага; а застаўшыся адзін-на-адзін, ён з абурэннем адчуваў рамантыка ў самім сабе. Тады ён ішоў у лес і хадзіў па ім вялікімі крокамі, ломячы натрапленае голле і лаячы ўпоўголас яе, і сябе; альбо забіраўся на сена, у адрыну, і, упарта заплюшчваючы вочы, прымушаў сябе спаць, што яму, зразумела, не заўсёды ўдавалася. Раптам яму ўявіцца, што гэтыя цнатлівыя рукі калі-небудзь абвіюцца вакол яго шыі, што гэтыя гордыя вусны адкажуць на яго пацалункі, што гэтыя разумныя вочы з пяшчотнасцю — але, з пяшчотнасцю, — спыняцца на яго вачах, і галава яго закружыцца, і ён забудзецца на момант, пакуль ізноў не ўзгарыцца ў ім абурэнне. Ён лавіў самога сябе на розных «ганебных» думках, нібы чорт яго дражніў. Яму здавалася часам, што і ў Одзінцовай адбываецца перамена, што ў выразе яе твара ўзнімалася нешта асаблівае, што, можа быць... Але тут ён звычайна тупаў нагою альбо скрыгаў зубамі і пагражаў сабе кулаком.

А між тым Базараў не зусім памыляўся. Ён крануў душу Одзінцовай; ён цікавіў яе, яна шмат аб ім думала. У яго адсутнасці яна не нудзілася, не чакала яго, але яго з’яўленне зараз-жа яе ажыўляла; яна ахвотна заставалася з ім адзін-на-адзін і ахвотна з ім гутарыла, нават тады, калі ён яе злаваў альбо абражаў яе густ, яе прыгожыя звычкі. Яна як быццам хацела і яго выспрабаваць, і сябе выведаць.

Аднойчы ён, гуляючы з ёю па садзе, раптоўна прамовіў панурым голасам, што мае намер хутка паехаць у вёску да бацькі... Яна пабялела, нібы яе што ў сэрца кальнула, ды так кальнула, што яна здзівілася і доўга потым раздумоўвала аб тым, што гэта значыла. Базараў абвясціў ёй пра свой ад’езд не з думкаю выспрабаваць яе, паглядзець, што з гэтага выйдзе: ён ніколі не «сачыняў». Раніцою таго дня ён бачыўся з бацькаўскім прыказчыкам, былым сваім дзядзькам, Цімафеічам. Гэты Цімафеіч, бывалы і рухавы дзядок, з выцвілымі жоўтымі валасамі, выветраным чырвоным тварам і драбнюткімі слязінкамі ў зморшчаных вачах, нечакана з’явіўся перад Базаравым у сваёй кароценькай