Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

— Да слова прышлося, Анна Сяргееўна: гэта ўсё, вы ведаеце, не па маёй часці.

— Але вы-б здолелі аддацца?

— Не ведаю, хваліцца не хачу.

Одзінцова нічога не сказала, і Базараў змоўк. Гукі фартэпіяна даляталі да іх з гасцінай.

— Што гэта Каця так позна іграе, — заўважыла Одзінцова.

Базараў падняўся.

— Ды цяпер сапраўды позна, вам пара спачываць.

— Пачакайце, куды-ж вы спяшаецеся... мне трэба сказаць вам адно слова.

— Якое?

— Пачакайце, — шапнула Одзінцова. Яе вочы спыніліся на Базараве, здавалася, яна ўважліва яго разглядала.

Ён прайшоўся па пакоі, потым раптам наблізіўся да яе, хапатліва сказаў «бывайце», сціснуў ёй руку так, што яна ледзь не ўскрыкнула, і вышаў вон. Яна паднесла свае пазліпаныя пальцы да вуснаў, падзьмула на іх, і раптоўна парыўча ўзнялася з крэсла, накіравалася шпаркімі крокамі да дзвярэй, як-бы хочучы вярнуць Базарава... Пакаёўка ўвайшла ў пакой з графінам на срэбным падносе. Одзінцова, спынілася, загадала ёй выйсці і села зноў, і зноў задумалася. Каса яе развілася і цёмнай змяёю ўпала ёй на плячо. Лямпа яшчэ доўга гарэла ў пакоі Анны Сяргееўны, і доўга яна была ўсё нерухомаю, толькі зрэдку праводзячы пальцамі па сваіх руках, якія злёгку пакусваў ночны холад.

А Базараў, праз гадзіны дзве потым, вярнуўся да сябе ў спальню з мокрымі ад расы батамі, ускудлачаны і пануры. Ён застаў Аркадзія за пісьмовым сталом, з кнігаю ў руках, у зашпіленым даверху сурдуце.

— Ты яшчэ не клаўся? — прагаварыў ён як-бы з прыкрасцю.

— Ты доўга сядзеў сягоння з Аннай Сяргееўнай, — прамовіў Аркадзій, не адказваючы на яго запытанне.

— Але, я з ёю сядзеў увесь час, пакуль вы з Кацярынай Сяргееўнай ігралі на фартэпіяна.

— Я не іграў... — пачаў быў Аркадзій і змоўк. Ён адчуваў, што слёзы падыходзілі да яго вачэй, а яму не хацелася заплакаць перад сваім насмешлівым другам.

XVIII

Наступным днём, калі Одзінцова з’явілася к чаю, Базараў доўга сядзеў, нагнуўшыся над сваім кубкам, і раптам глянуў на яе... Яна павярнулася да яго, як быццам ён яе