Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

штурхнуў, і яму здалося, што твар яе злёгку пабляднеў за ноч. Яна хутка пайшла да сябе ў пакой і з’явілася толькі к снеданню. З раніцы надвор’е было дажджлівае, не было як гуляць. Уся кампанія сабралася ў гасціную. Аркадзій дастаў апошні нумар часопіса і пачаў чытаць. Князёўна, як зазвычай, спярша зрабіла здзіўлены твар, нібы ён браўся рабіць нешта непрыстойнае, потым злосна ўставілася на яго; але ён не звярнуў на яе ўвагі.

— Еўгеній Васільевіч, — прагаварыла Анна Сяргееўна, — пойдземце да мяне... Я хачу ў вас запытацца... Вы назвалі ўчора адзін дапаможнік...

Яна ўстала і накіравалася да дзвярэй. Князёўна паглядзела вакол з такім выразам, як-бы хацела сказаць: «паглядзіце, паглядзіце, як я здзіўляюся», і зноў уставілася на Аркадзія, але ён узвысіў голас, і, пераглянуўшыся з Кацяю, каля якой сядзеў, чытаў далей.

Одзінцова хуткімі крокамі дайшла да свайго габінета. Базараў рухава ішоў следам за ёю, не ўзнімаючы вачэй і толькі ловячы вухам тонкі свіст і шэлест шаўковага плацця, якое слізгацела перад ім. Одзінцова апусцілася на тое-ж самае крэсла, на якім сядзела напярэдадні, і Базараў заняў учарашняе месца.

— Дык як-жа называецца гэта кніга? — пачала яна пасля невялікага маўчання.

— Pelouse et Frémy, Notions générales... — адказаў Базараў. — Урэшце, можна вам таксама парэкамендаваць — Ganot, Traité élémentaire de physique expérimentale[1]. У гэтым творы малюнкі выразней, і наогул гэты падручнік...

Одзінцова ўзняла руку. — Еўгеній Васільевіч, прабачце мне, але я паклікала вас сюды не з тым, каб разражаць пра падручнікі. Мне хацелася аднавіць нашу ўчарашнюю гутарку. Вы пайшлі гэтак раптоўна... Вам не будзе нудна?

— Я да вашых паслуг, Анна Сяргееўна. Але пра што гэта гутарылі мы ўчора з вамі.

Одзінцова кінула ўскосны погляд на Базарава. — Мы гутарылі з вамі, здаецца, пра шчасце. Я вам расказвала пра самую сябе. Дарэчы вось, я спамянула слова «шчасце». Скажыце, чаму, нават калі нас цешыць, напрыклад, музыка, добры вечар, гутарка з сімпатычнымі людзьмі, чаму ўсё гэта здаецца хутчэй намёкам на нейкае бязмернае, якое недзе існуе, шчасце, чым сапраўдным шчасцем, гэта значыць такім, якое мы самі маем? Чаму гэта? Альбо вы, можа быць, нічога падобнага не адчуваеце?

— Вы ведаеце прымаўку: «там добра, дзе нас няма», — сказаў на гэта Базараў; — пры тым-жа вы самі сказалі ўчора,

  1. Гано. Кароткі нарыс доследаў фізікі.