Старонка:Бацькі і дзеці (1937).pdf/87

Гэта старонка не была вычытаная

што губернатар Бурдалу загадаў сваім чыноўнікам па асобных даручэннях насіць шпоры, на выпадак, калі ён пашле іх куды-небудзь, для хуткасці, конна. Аркадзій упоўголас гаманіў з Кацяй і дыпламатычна прыслужваўся да князёўны. Базараў упарта і панура маўчаў. Одзінцова разы два — проста, не крадком паглядзела на яго твар, строгі і злосны, з апушчанымі вачыма, з адбіткам пагардлівай рашучасці ў кожнай рысе, і падумала: «не... не... не...» Пасля абеда яна з усёй кампаніяй адправілася ў сад, і, бачачы, што Базараў хоча загаварыць з ёю, зрабіла некалькі крокаў убок і спынілася. Ён падышоў да яе, але і тут не ўзняў вачэй і глуха прамовіў:

— Я павінен прасіць прабачэння у вас, Анна Сяргееўна. Вы не можаце не гневацца на мяне.

— НМе, я на вас не сярдую, Еўгеній Васільевіч, — адказала Одзінцова: — але я засмучана.

— Тым горш. Ва ўсякім выпадку, я даволі пакараны. Маё становішча, з гэтым, вы напэўна, згодзіцеся, самае недарэчнае. Вы мне напісалі: чаго ад’язджаць? А я не магу і не хачу застацца. Заўтра мяне тут не будзе.

— Еўгеній Васільевіч, чаго вы?..

— Чаго я ад’язджаю?

— Не, я не тое хацела сказаць.

— Мінулага не вернеш, Анна Сяргееўна... а рана ці позна гэта павінна было здарыцца. Значыцца, мне патрэбна паехаць адсюль. Я разумею толькі адну ўмову, пры якой я мог-бы застацца; але гэтай умове не бываць ніколі. Вы-ж, прабачце маю дзёрзкасць, не любіце мяне, і не палюбіце ніколі?

Вочы Базарава бліснулі на момант з-пад цёмных яго брывей.

Анна Сяргееўна не адказала яму. «Я баюся гэтага чалавека», мільганула ў яе галаве.

— Бывайце, — прагаварыў Базараў, як-бы ўгадаўшы яе думку і накіраваўся пад дом.

Анна Сяргееўна ціхенька пайшла следам за ім, і, падазваўшы Кацю, узяла яе пад руку. Яна не разлучалася з ёю да самага вечара. У карты яна гуляць не стала, і ўсё болей пасмейвалася, што зусім не ішло да яе збялелага і збянтэжанага твара. Аркадзій дзівіўся і наглядаў за ёю, як маладыя людзі наглядаюць, гэта значыць увесь час пытаўся ў самога сябе: што, моў, гэта значыць? Базараў запёрся ў сябе ў пакоі; к чаю ён, аднак, вярнуўся. Анне Сяргееўне хацелася сказаць яму якое-небудзь добрае слова, але яна не ведала, як загаварыць з ім...