Было яно калісьці,
Калі, як жоўталісьце,
Жылі мы — ня жылі;
Ішлі дні без карысьці,
І сорам было выйсьці
У сьвет з сваёй зямлі.
Гнаў лісьце злосны вецер
Па полі, па ўсім сьвеце,
За вёску, за сяло;
За нас ляцела сьмецьце,
Бязладзьдзе, беспрасьвецьце,
Пятлю віло сіло.
І гэтакая слава,
Як пошасьці праява,
Буяла па людзях,
Пакуль жыцьцё ласкавай
Усьмешкай і забавай
Не асьвяціла шлях.
Забліскацелі лужы,
Бяда зьвілася вужам…
— Ідзе, — крычаць, — вястун!..
І ўзьняўся нехта дужы,
І кінуў кліч дасужы -
Як помста, як пярун.
|