Старонка:Безназоўнае (1925).pdf/26

Старонка праверана

9

Яшчэ ня ўся работа зроблена,
Ня ўсё жніво у нас пажата, —
Яшчэ краіны стан пагорблены,
Як быў, застаўся ён гарбатым.

Яшчэ дзесь здрадна ласка панская
На беларускім едзе карку
І круціць з подласьцю паганскаю
На свой лад нашу гаспадарку.

Яшчэ там сыты гонар ласуе
Дзявочу ўсьмешку беларускі,
Даляры лічачы за касаю,
Што з нашых зьдзёр палосак вузкіх.

Яшчэ там корна служаць мамкамі
Сястрыцы нашы і сягоньня,
Ды стогнуць, мучацца пад клямкамі
Браты, як некалі ў прыгоне.

Яшчэ ўспалаюць там паднебныя
Чырвоным полымем пажары,
І будуць гінуць там патрэбныя
І непатрэбныя ахвяры.