Старонка праверана
Ці-ж на то хавала маці
Не адну вясну
І кахаў я да астатку,
Каб клаў у труну?
Вось якое мне вясельле?!
І я ў гэткі дзень
Жыці мушу?—Божа! божа!
Што пачну я, цень?
* * *
Дабраты была анельскай,
А любіла як!..
Быццам песьняй, быццам казкай,
Дні плылі нам так.
І пры ёй ня знаў я грэху,—
Дабрату я знаў,
Бо з яе вачэй і ўсьмешкі
Бласлаўленьне браў.
Для мяне была скарбніцай
Творчых дум і цнот,
Вёў мяне яе стан гібкі
Да сьвятых яснот.
Дзе-ж мяне завёў урэшце,
Посьле цяжкіх спроб?
К апраметнай шоў я ў сонцы,
Праз надзею—ў гроб!