Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

на ліст князя Курбскага. Шырокая эпістолія выклікала адказ з боку князя Курбскага, на які Грозны напісаў новы ліст. Адказваючы на яго, Курбскі напісаў досыць даўгое „отвещание со стороны убогого Андрея Курбского, кн. Ковельского". Адказу Грознага ня было. Перапіска двох абаронцаў сваіх уласных учынкаў і дзейнасьці спынілася. Пазьней князь Курбскі напісаў памфлет-гісторыю вялікага князя маскоўскага. Аднак, сам аўтар глядзеў на свой твор, як на твор об'ектыўны, у якім знаходзілася толькі тое, што сам аўтар чуў „у достоверных и видел отчима своими”. Гэтая гісторыя была выклікана таксама патрэбай выпраўдаць сваю эміграцыю „прилежного ради служения от многих”. Ужо перапіска Курбскага з Грозным дазваляе выразна ўявіць як яго асобу, гэтак і літаратурныя здольнасьці, а разам з тым, і яго гістарычна-філязофскі сьветапагляд, які прымусіў Курбскага заняць пэўнае становішча адносна беларускага культурнага і рэлігійнага гуманізму.

Князь Курбскі ёсьць, бязумоўна, вельмі талентная асоба. Яго стыль—жывы і вобразны. Яго мова — абураная і нэрвовая. У ёй няма маскоўскага спакою і індыфэрэнтызму, але, разам з тым, князь Курбскі — суворы консэрватар і з боку сваіх політычных паглядаў, і з боку свайго гістарычна-філёзофскага, строга-царкоўнага ортодоксальнага сьветапагляду. Калі політычны консэрватызм з нахілам у бок арыстакратычнага соцыяльна-экономічнага фэўдалізму знайшоў у Літве для сябе адпаведныя політычныя абставіны, дык рэлігійна-філёзофскі консэрватызм прымусіў князя Курбскага, з уласьцівай яму экспансыўнасьцю і абурэньнем, выявіць свае адносіны да таго беларуска-ўкраінскага індывідуалістычнага руху, які сустракаў столькі спачуваньня з боку беларускіх і украінскіх зямляўласьнікаў.

Адносіны кн. Курбскага да беларускага і украінскага гуманізму і яго ўласная культурна-філёзофская позыцыя знайшлі зусім выразнае выяўленьне ў яго лістох да паасобных духоўных і сьвецкіх асоб. Сярод дапішчыкаў князя Курбскага знаходзіліся: нехта Іван Многавучоны — старац Пячэрскага манастыра, старац Васпан, кн. Канстантын Астроскі, нейкі Марка—вучань Арцёма, Кузьма Мамоніч, Кадыян Чаплін, Фёдар Бокей, Пячыхвосцкі, княгіня Чартарыская, пан Астафі Троцкі. Князь Курбскі напісаў гісторыю аб Восьмым Саборы, у якой яго рэлігійна-філёзофскі сьветапагляд атрымаў выразнае тэорэтычнае формуляваньне.

Князь Курбскі — вельмі консэрватыўны ў сваіх рэлігійна-культурных паглядах. Гэтая консэрватыўнасьць вельмі характэрна для Курбскага, але яна ў яго творах ня ёсьць нешта няжыцьцёвае, мёртвае. Консэрватызм Курбскага ёсьць протэст супроць розных рэлігійных захапленьняў, якія ня вытрымліваюць, як ён думае, ніякае крытыкі, калі падысьці да іх з матар'яламі, узятымі са сьвятога пісьма і айцоў царквы. Толькі знаёмства з апошнімі можа засьцерагчы чалавека ад захапленьня рэлігійным вольнадумствам і ўсялякімі навінамі. Князь Курбскі зусім ня вораг асьветы. Ён цалкам спачувае ёй, але з умовай, каб асьвета мела нацыянальна-рэлігійны характар, бо гэта толькі і можа быць крыніцай адраджэньня „руского" народа. У гэтым сутнасьць рэлігйна-філёзофскіх паглядаў князя Курбскага, якія знайшлі яскравае і выразнае выяўленьне ў яго корэспондэнцыі.

Лісты князя Курбскага поўны адносак да сьвятога пісьма. Яго довады дадатнага характару грунтуюцца на тэксьце сьвятога пісьма, у якім — і толькі ў ім адным — знаходзіцца бясспрэчная рэлігійная праўда. Адказваючы Івану Многавучонаму „о праве и вере“, князь Курбскі раіць свайму дапішчыку, прамудраму Івану, „устыдитися древних таковых святых и толь великих, не только внешнему любомудрию со-