Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

силе нашей научени и утвержени в вере христианской благочестивых догматов”, князь Курбскі адзначае ў сваім адказе тое, што ён не прасіў свайго дапішчыка „чего бы ми есть научил, альбо мне толковал Святое Письмо", тым больш, што сам Чапліч „напоен от мутных источников”. Усялякія новыя тлумачэньні сьвятога пісьма Кальвіна, Піліпа Мэлянхтона, Марціна Лютэра і вучняў яго, Цьвінгліяна і іншых, князь Курбскі таксама адкідае, гэткім самым чынам, як і раней рабілі апосталы і настаўнікі царквы адносна гарэтыкаў. Дзеля гэтага князь Курбскі быў вельмі абураны тым, што кніжыцу езуіта Скаргі князь Канстантын Астроскі даў на абвяржэньне протэстанту Матавілу. Князь Курбскі выказвае найвялікшае зьдзіўленьне з гэтае прычыны і думае, што бадай ніхто ня чуў аб тым, „ижбы христианин правоверный от арианина христоненавистного услаждался епистолиями или примовал от него писания на помощь церкви Христа Бога". Такім выяўляецца князь Курбскі ў сваіх лістох.

Вучань Максіма Грэка, які прыехаў у Маскву і ўзяўся за ўпарадкаваньне бібліотэкі вялікага князя, Курбскі застаўся верным догматыцы ўсходняга праваслаўя і не дапушчаў нават думкі аб магчымасьці якіх-колечы крытычных адносін як да самых догматаў, гэтак і да сьвятога пісьма. Князь Курбскі вывез з Маскоўшчыны ідэю чыстага праваслаўя, якой давялося спаткацца на літоўска-беларускай глебе з рознастайнымі рэлігійна-культурнымі ўплывамі. Курбскі вытрымаў наступ апошніх, але маскоўскаму эмігранту стала ясна патрэба ў атрыманьні пэўных навуковых падстаў праваслаўнага богаслоўя, без якіх ідэёвая барацьба праваслаўя з інавер'ем ня будзе мець ніякіх пажаданых вынікаў. Гэтым і тлумачыцца жаданьне князя Курбскага перакласьці царкоўна-навучальныя творы на славянскую мову, хаця-ж асаблівае патрэбы ў гэтым не адчувалася. Уплыў Курбскага сярод беларускае шляхты ня мог быць значным. Надта моцнаю была пакуль што яшчэ прывабнасьць эўропейска-польскае культуры. Дый, апроч таго, польскі зямляўласьніцкі капітал не распачаў яшчэ свайго агрэсіўнага наступу. Але князь Курбскі ня быў адзіным у сваім старавер'і. Навокал яго згрупаваўся гурток „из баккалавров и в писаниях искусных людей", якія склалі нешта на ўзор школы, але ня зусім організаванае, як думае Грушэўскі. Гэты гурток зрабіўся асяродкам консэрватыўна-культурнае плыні, да якое схіляліся элемэнты гарадзкога грамадзянства. Сярод іх панавалі настроі, варожыя як да езуітаў, гэтак і да польскае шляхты. Не дарма адзін з шляхціцаў, які трапіў у палон у Маскву, паведамляў князя Курбскага, што ён даручыў апякунцы сваіх дзяцей, каб яна, калі дзеці падрастуць, „ку вам на науку дала і што за платы научителем приходити будет, же бы то збираючи платила“.

Другім культурным асяродкам быў двор князя Юр'я Юравіча Слуцкага, стрыечнага брата князя Канстантына Астроскага. Калі даць веру словам езуіта Антона Посэвіна ў яго данясеньні папе Рыгору ХIII, дык пры двары князя Слуцкага існавала школа. Як сьцьвярджае той самы Посэвін, тут знаходзілася і друкарня. На жаль, няма ніякіх іншых вестак, якія-б пацьвердзілі весткі Антона Посэвіна і дазволілі-б выразна ўявіць аб дзейнасьці культурнага гуртка, які працаваў пад мэцэнацтвам князя Юр'я Слуцкага. Вядома толькі, што пры двары князя Слуцкага ў 1560 годзе жыў стары Арцём, які выкладаў богаслоўе і меў вучняў. У ліку апошніх быў нехта Марка, з якім князю Курбскаму даводзілася весьці размовы. Вучань Арцёма Марка быў юнак „светлых обычаев навыкшый". Сам Арцём быў ахоплены жаданьнем аддаць рэштку свайго жыцьця на пераклады царкоўна-навучальных твораў на сла-