Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

Кроўю цёплай сваей
Абліваю тавар,
А слязою з вачэй,
Што сплывае праз твар,
Харашу я яго,
Дзеля густу людзям...
Не, жыцця я свайго
Для другіх не аддам.
Я здружыўся з трудом,
Я ў ём рос, я ў ём крэп
Люблю мець за сталом
Запрацованы хлеб.
Не хачу, не прывык
Склаўшы рукі хадзіць:
Я гарбар — працаўнік,
Я жыву — каб рабіць.
Маю сілу і гарт —
Імі грудзі гараць...
Ды што ў гэтым я варт,
Што магу працаваць,
Не гатовае браць?
(„Песьня гарбара")

У 1910-12 гадох выходзіць з-пад яго пяра цыкль вершаў „Песьні гарбара", "Песьня грабара“, „Песьня жняі" і інш. Імі ўносіцца ў беларускую поэзію элемэнт пролетарскасьці, рабочага эпосу. Цішка Гартны становіцца пачынальнікам будучай пролетарскай беларускай поэзіі. Праўда, побач з пролетарскімі мотывамі, ён дакранаецца і мотываў чыста-лірычных; песьні каханьня і апісальныя вершы займаюць добрую долю яго твораў. Крыху пазьней Цішка Гартны бярэцца за прозу і піша шмат апавяданьняў і першы беларускі раман "Сокі цаліны". Свае творы ён друкаваў у многіх беларускіх часопісах і асобнымі выданьнямі ў Пецярбурзе („Песьні“, 1913 г.) і ў Бэрліне („Песьні працы і змаганьня" і раман "Сокі Цаліны", І ч.-1922 г.).

Літаратурная праца Цішкі Гартнага ўвесь час пераплятаецца з яго грамадзянска-політычнай і рэволюцыйнай чыннасьцю. Гэта апошняя шмат аднімала яго сіл і часта адбівалася на літаратурнай працы. Але ўжо гэткі лёс выпаў у жыцьці большасьці беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў нашаніўцаў: на іх плечы гісторыя ўзлажыла цяжкую ношу - працу па адраджэньню свае прыгнечанае, цёмнае краіны. Выпаўняючы гэта заданьне, трэба было ім раскідаць свае сілы па розных бакох, ужываць іх у розных галінах нацыянальна-грамадзянскага жыцьця, трэба было рабіць гісторыю. Праўда, беларускія песьняры-змаганьнікі цьвёрда і ўверана, самазабыўна аддаваліся гэтай вялікай справе і несьлі яе рашуча ўперад, бо кожны з іх жыў для гэтага.

Я жыву таму, што маю
Веру моцную у тое,
Што загіне доля злая,
Чорнай сілаю якая
Землю вокал аблягае,
Бы жалезнаю рукою.
 
Я жыву таму, што сэрца
Спадзеў ясных не губляе,
Як улетку лісцяў дрэўцы,
І ў надзеях, бы праз дзверцы,
Наглядае спацар смерці,
Што нядолю скрозь знішчае.