Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

Я жыву таму, што чую
Душой чулаю ад роду
Тую пору, хвілю тую,
Баганосную, сьвятую,
Што нясе у сьвет дарагую
Сьветазарную свабоду.

Я жыву таму, што бачу
Панаваньне лепшай долі,
Дзе ня будзе хутка плачу,
Й за якую я даў дачу,
Што ад роду прыназначыў
На крывавым збройным полі
Ў барацьбе за шчасьце й волю.
("Я жыву“).

„Я жыву таму, што веру", пісаў Цішка Гартны, выказваючы гэтым вершам ня толькі сваё пачуцьцё і думкі, а думкі і пачуцьцё многіх беларускіх пісьменьнікаў і поэтаў.

Адным з іх быў і Фабіян Шантыр. Таксама рабочы, таксама рэволюцыянэр, Фабіян Шантыр ужо 18 гадоў за распаўсюджаньне проклямацыяў слуцкай орган. Р.С.-Д.Р.П. на вёсках Случчыны пападае ў вастрог. Здольны ад нараджэньня, ён, аднак, мае мажлівасьць кончыць толькі гарацкое вучылішча і далей ідзе з бацькам мураваць дамы. І, кладучы цэгліны, ён песьціць ідэі сваіх твораў, якія піша зразу на трох мовах - польскай, расійскай і беларускай. Хутка першыя дзьве закідае і ўжывае толькі беларускую. Надзвычайна палкі тэмпэрамэнтам, ён творыць гарачыя па настроі, замілаваныя да свайго краю мініятуры, вершы, апавяданьні. Цяжкае жыцьцё селяніна, горкая доля ўсяго беларускага працоўнага народу абурае Шантыра, і з-пад яго пяра выходзяць то вогненна-палкія, то жахліва-сумныя сказы. Усе яны прасякнуты глыбокімі соцыяльнымі мотывамі, якія пазьней уступаюць месца мотывам буйна-рэволюцыйным ("Гольгофа", "У час барацьбы"), мотывам заўзятага рэволюцыянэра-будзіцеля. У часы рэволюцыі яны выліваюцца ў гэткія радкі:

Складайцеся зыкі доўгахаваныя ў сэрцах народаў у адзін
вялікі васкрэсны харал!
Ціха, смутак!
Змоўкні, жаль!
Радасьць сягоньня вялікая!
Радасьць глыбі быту ў прасторы сонца-яснай волі.
Радасьць адзінокіх, забітых душ, што блудзілі ў цемры
бездарожжа...

У цемні чорнай несьвядомасьці.
Будзь нам новы шлях быту!
Шлях барацьбы!
Вядучы да заснутай лятуценьнямі казцы-праўдзе.
К крыніцы жыватворнае вады...
Зыдзіце, ланцугі!
Сплывеце мглівыя сырыя туманы, што труцілі народ ядам
пакоры!..

Кліч бунту жыві ў нашых сэрцах!
Сьвяты кліч гардасьці чалавечай,
Што імчыць чалавечае "я" увысь у палёце арла!..
Кліч барацьбы будзь нам:
Хлебам штодзенным!
Сілай непакананай надзеі!
Час вялікай барацьбы, бласлаўляем цябе!
Бласлаўляем!