Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/23

Гэта старонка была вычытаная

У гэтым натхненным літаньні сабраны Шантырам болі яго ачулай душы, болі за прыгнечаны, скуты няволяй беларускі працоўны народ у прыгоне самадзяржаўя і пераплаўлены ў вогненныя літаньні свабодзе. У часы змаганьня з самадзяржаўем Ф. Шантыр, гострым падкрэсьліваньнем жахлівасьці ўмоваў працоўнічага беларускага жыцьця, будзіў да змаганьня з ім, а ў час перамогі спраўляў урачыстасьць вызваленаму народу. Ф. Шантыр зрабіў па колькасьці сваіх твораў нязначны ўнёсак у скарбніцу беларускай літаратуры; затое па якасьці яго невялікая спадчына вельмі каштоўна й дорага... Ён першы закрануў у сваіх творах глыбіні псыхолёгічных перажыткаў беларускай асобы і беларускае грамады. Ён болей другіх абагрэў рэволюцыйным агнём беларускую літаратуру. Ф. Шантыр друкаваўся ў "Нашай Ніве“, у "Дзяньніцы" і іншых беларускіх часопісах. Шмат яго твораў пакуль не надрукована, шмат загінула ў рукапісах.

Зусім асобна ад сваіх сучасьнікаў па пачатку працы на глебе беларускай літаратуры - Цішкі Гартнага, Алеся Гаруна і Фабіяна Шантыра--стаіць Канстанцыя Буйла. Калі гэтых траіх рамесьнікаў-пролетараў па пахаджэньню лучыць грамадзянска-рэволюцыйная чыннасьць і прасякнутасьць іх твараў грамадзянскімі мотывамі, то Канстанцыя Буйла родна ім толькі адным пахаджэньнем. Яна таксама пролетарка, дачка дворнага служкі з Ашмянскага павету на Віленшчыне. Адукацыю атрымала хатнюю, але шмат чытала і гэтым папаўняла свае веды. Азнаёміўшыся з беларускім нацыянальным рухам праз гутарку са сваім знаёмым, яна захопліваецца беларускай ідэей і хутка становіцца віднай супрацоўніцай "Нашае Нівы“.

Характарнасьць твораў Канстанцыі Буйлы--гэта лірычныя напевы з уласных перажыткаў, мараў і жаданьняў. У гэтым напрамку праходзіць уся яе літаратурная творчасьць. І трэба адмеціць, што яна дала шмат пекных, моцных і прыгожых вершаў, праўда, вельмі падобных адзін да аднаго па сваёй архітэктуры і прастаце тэхнікі. Аднак гэта зусім не прымячаецца з-за таго жарала пачуцьця, якое К. Буйла ўлівае ў іх.

Адна, ізноў адна, як колас той у полі,
Нясьцяты ў час жніва навостраным сярпом,
Зламаны ветрамі, гулячымі на волі
Між апусьцелых ніў, спалосканых дажджом.

Адна, ізноў адна... Тужліва сэрца ные.
Наўкола пуста, глуш... Ноч цёмная стаіць.
А за вакном віхор так жаласьліва вые,
Як-бы сканаць ня мог, ня хочучы больш жыць,

І сумна, сумна мне. Дзе-ж той, каго любіла?
Дзе-ж тыя, што мяне любілі так даўней
Адны забыліся, другіх ўзяла магіла...
І жаль мне прошлых мар, шчасьлівых шкода дней.

Адна, ізноў адна... А вецер думцы ўторыць
І стогнамі мяне ўцяшае ён сваімі:
"Я- брат табе, я--друг“, мне, стогнучы, гаворыць:
"Адзін нас ломіць боль--дык плачма-ж разам мы!“

("Адна").

Аддаўшыся выключна лірыцы, Канстанцыя Буйла ўсё-ж не магла, падобна ўсім беларускім песьняром і пісьменьнікам, спакойліва абыйсьці між факту адраджэньня беларускага працоўнага народу. Яна пась-