Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/26

Гэта старонка была вычытаная

політычнага іх вызваленьня. Ужо ў 1910-11 гадох да выяўленых талентаў на ніве беларускай літаратуры дадаюцца новыя імёны. Выступаюць са сваімі творамі адзін за другім поэты з народу: Хведар Чарнушэвіч (кравец), Зьмітрок Бядуля-бедны мешчанчук, Максім Гарэцкі-селянін, Алесь Гурло-земляроб, Я. Піліпаў (Язэп Нялепка)-сын дворнага служачага, Язэп Лёсік-селянін і інш. Яны папаўняюць сабою насельнасьць беларускага Олімпу, уносячы шмат сьвежых нотак і настрояў у яго музычнае жыцьцё.

Зьмітрок Бядуля (Самуіл Плаўнік), віднейшы з пералічаных, сваім выяўленьнем асабліва востра падкрэсьлівае рост і ўплыў беларускае літаратуры на працоўныя гушчы Беларусі. Родам з жыдоў, Зьмітрок Бядуля, пачаўшы пісаць пагэбрайску, кідае гэту сухую, застарэлую мову і захапляецца пявучасьцю ўваскрашаючай беларускай народнай мовы. Поэта, з ценькаю чулаю душою, прасякнуты наскрозь далікатным, мяккім пачуцьцём, гаручы цягай да творчасьці высокіх мастацкіх каштоўнасьцяў, вынаходзіць у знаёмай сакавітай беларускай мове багаты матар'ял. У 1910 годзе ён друкуе першы свой твор - "Пяюць начлежнікі" на беларускай мове ў газэце „Наша Ніва", а з 1912 г. становіцца пастаянным супрацоўнікам яе. З гэтага часу яго апавяданьні і вершы за подпісам "Ясакар“ друкуюцца ўва ўсіх беларускіх чаconіcax.

У Зьмітрака Бядулі-Ясакара першыя творы аддаюць смуткам. Але паступова смутак радзее, і творчы небасхіл поэты праясьняецца. Лера яго вылаўляе ўсё больш бадзёрыя зыкі, праходзячы ў глыбіню іх пераліваў і вібрацыяў. Поэту ўрэшце становіцца аднакава, аб чым зычаць гукі, абы яны пекна зычэлі. Чуецца ў іх мажорны тон-радуйся, чуецца мінорны-сумуй. Сам-жа 3. Бядуля-Ясакар пацяшаецца тонамі настрояў і гармоніі. А з боку сочачы за творчасьцю 3. Бядулі-Ясакара, адчуваеш выразна, як перад табою ўстаюць нібы дзьве душы, супрацьлеглыя сабе-душа жыцьцярадасьці, урачыстага вясельля і душа пэсымістага, разуверанага ў жыцьці. Гэта выяўлена ў яго вершах і прозаічных нарысах. У вершах першых часоў напісаньня ёсьць спадчына і эшыбоцкіх уплываў, пад якімі знаходзіўся поэта ў дзіцячыя гады. Сьведкаю таму цяга яго к біблійным напевам. Праўда, гэты ўхіл нядоўга адбіваецца на Зьмітраку Бядулі: ён тоне ў багатым пачуцьці да прыгожасьці натуры. У ёй, у сусьвеце, скарб поэты.

Мой скарб мацней жыцьця і сьмерці,
Бясьсьмертны ён у сьмертным сэрцы.

Мой скарб блішчыць-мой скарб багаты,
Даступны усім-ён не закляты.

Мой скарб-ад зор, мой скарб-ад неба,
Мой скарб-ад гор, мой скарб-ад глебы;

У глыбі вод, у шэптах бору,
У шоўку траў, у птушак хоры;

У серабры мільготных росаў,
У харастве дзявочых косаў;

У марах-снох, у тайных муках,
У гусляроў наструнных гуках.
("Мой скарб").

К апошняму часу Зьмітрок Бядуля зрабіў круты пахіл у бок захапленьня рэволюцыйна-грамадзкімі мотывамі. Яго вершы і прозаічныя