Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

творы, пачынаючы з 20 году, носяць на сабе пячатку выразнай рэволюцыйнасьці. Пры гэтым эволюцыя поэты яшчэ ня спынілася: ёсьць першыя адзнакі і клясавых мотываў у яго апошніх творах.

Дайце дарогу зьмене чырвонай.
Гэй, адступіся сьвет забабонаў,
Шэптаў-замоў.
Сонечнай бурай, вогненнай сілай
Богу старому рые магілу
Наш комсамол.
Мчыцца па сьвеце духам бязбожна,
Шлях свой знаходзіць на бездарожжы,
Мкнецца у даль.
Любіць паўстаньне, дужыцца, рад ён,
Вольніцы воін, сын барыкадаў -
Бунтаў каваль.
Гэй, падымайце у вышку паходні
Ў дзень урачысты, дзень міжнародны,
Моладзі дзень!
Сьвет паднявольны зруш да змаганьня,
Ціхія далі у бурнае раньне
Ў чырвань адзень.
("Чырвоны каляндар").

Цікава тое ў душэўных перажываньнях З. Бядулі, што ён да таго зросься з беларускай літаратурай, з беларускаю культураю і беларускім працоўным народам, да таго пакахаў беларускую стыхію, як-бы ён быў беларусам ад роду. Доля-нядоля беларускага краю востра адчуваецца ім і выразна адбіваецца ў яго творах. З. Бядулі міл і патайны сьвет беларуса: яго вера ў лясуны, у русалкі, у ведзьмы; поэта не абмінае іх у сваіх творах. З. Бядуля-Ясакар адзін з пладавіцейшых беларускіх поэтаў: ён напісаў шмат вершаў, мініятурных нарысаў, апавяданьняў, з якіх выйшлі асобнымі выданьнямі „Абразкі“ (1913 г.), "Пад родным небам" (1922 г.), вершы і збор апавяданьняў- "На зачарованых гонях". Шмат твораў знаходзіца яшчэ ў портфэлі поэты. У беларускай літаратуры З. Бядуля-Ясакар займае сваё асобнае ад другіх месца-месца выдатнага, зусім адметнага поэты.

Зусім інакшы ад З. Бядулі па характару творчасьці, па здольнасьці й шырызьне захопу, але ўсё-ж багата ўталентаваны малады поэта Хведар Чарнушэвіч. Захоплены беларускім рухам, калі яму было гадоў 18, Хведар Чарнушэвіч прыймае ў ім удзел праз літаратурную творчасьць. Першыя творы яго ўжо сьведчаць аб талентнасьці аўтора, якая-б, пры адпаведных умовах, магла-бы далёка сягнуць і вырабіць з поэты нязвычайнага мастака слова. Хведар Чарнушэвіч ня мае выразнага напрамку ў сваёй творчасьці, пакуль яшчэ шукае адпаведных сьцежак, але па напісанаму можна судзіць, што яго муза схіляецца ў бок грамадзянска-рабочых настрояў. Па крайняй меры яго вершы гэткага характару больш здольныя і глыбокія па зьместу, больш прачулыя, чым вершы з іншымі напевамі.

Мой горан палае
І іскры ляцяць;
Я мех уздуваю
І буду каваць...
Працую, гарую,
Як моцы стае;
Гартую, муштрую
Жалеза мае...