Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/28

Гэта старонка была вычытаная

У кузьні ад раньня да ночы стаю
І молатам лепшую долю кую!
І гнецца парою
Жалеза і сталь,
Як возьме рукою
Здаровай каваль...
Скую, вось, касу я,
Загну, закручу
І выйду уночы
Нядолю скашу!..
У кузьні ад раньня да ночы стаю
І молатам лепшую долю кую!
І холад і голад
У хатцы вітае,
А праца і молат
Мне моц адбірае!..
Гэй, удару-ж я, ўдару!
Гарно разьдзьмухну,
Сагну, загартую
Я сэрца-касу!
Я праўду і волю кахаю-люблю
І молатам лепшую долю кую!
(„Песьня каваля“).

Сам рабочы-рамесьнік, Хведар Чарнушэвіч бліжэй адчувае руxі рабочага жыцьця і перадае іх у вершах. Апроч пісаньня орыгінальных твораў, ён зрабіў шмат перакладаў з расійскіх і ўкраінскіх поэтаў. Між іншым, ім пераложана "Кацярына“ Т. Шэўчэнкі, выданая асобным выданьнем рэдакцыяй газэты „Наша Ніва" ў 1912 годзе.

Амаль не таго-ж самага напрамку таварыш Х. Чарнушэвіча па дзяцінству, па школе, па часу выступленьня на літаратурную ніву, яго зямляк Алесь Гурло. Тая-ж асабістасьць у выбары тэм, той-жа склад рытму і толькі некалькі бядней форма вершу ды багацьце мовы. У Хв. Чарнушэвіча верш многа лягчэйшы й музычнейшы ад вершу А. Гурлы. Аднак творы А. Гурлы апошняга часу адмячаюць спорую наступовасьць яго ў гэтым напрамку. Таксама поэта робіць прыметную эволюцыю ў бок успрыняцьця пролетарска-клясавых мотываў у сваёй творчасьці. Хв. Чарнушэвіч і А. Гурло друкаваліся ўва многіх беларускіх часопісах. Асобным-жа выданьнем не выдаваўся пакуль ніводзін.

Крыху старэйшы ад іх Янук Журба выйшаў на беларускую літаратурную ніву з бадзёраю душою, з радасным настроем. Змаганьне за вызваленьне працоўнага народу выклікала ў ім ня сум, а натхненьне. Поэта мусіць будзіць, мусіць весьці - таму ён павінен быць цьвёрдым і бадзёрым. Ды ня толькі для змаганьня патрэбна жыцьцярадасьць, яна заўсёды харашыць і папаўняе жыцьцё чалавека. Апошняе дадзена для таго, каб піць радасьць і красу, каб любаваць сонца і краскі. І Янук Журба - поўная бадзёрасьць. Усе яго творы завуць, клічуць, вядуць...

Зусім іншы настрой у Максіма Гарэцкага. Апошні зьяўляецца выключна прозаікам-белетрыстым, пры гэтым талентным белетрыстым. На яго долю выпадае атрымаць большую за сваіх равесьнікаў асьвету, што вельмі ва многім пасабляе разьвіцьцю яго таленту. Да гэтага, Максім Гарэцкі, маючы ад прыроды багатую здольнасьць - і ў скутку выказвае з сябе буйнога пісьменьніка. Аддаючыся літаратурнай творчасьці з захапленьнем, як мастак ад роду, ён старанна шліфуе кожную рэч, якую выпускае з-пад свайго пяра. У яго творы, рэалістычныя, з адценьнем сымболізму і нэорэалізму, выходзяць цэльнымі, законча-