Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/29

Гэта старонка была вычытаная

нымі, дасканалымі вобразамі. Гэроі апавяданьняў -- выразныя тыпы, жывыя, праўдзівыя ("Дзьве душы"), калі да іх прыгледзішся праз цененькі туль, якім свае рэчы звычайна занавешвае М. Гарэцкі. Гэты пахіл да містычнасьці і ў дадатак самабытнасьць стылю вызначаюць пісьменьніка ад усіх іншых і становяць яго на асобнае месца ў шэрагу беларускіх пісьменьнікаў.

Максім Гарэцкі выдаў шмат сваіх твораў асобнымі выданьнямі; з іх-зборнік апавяданьняў „Рунь" (1914 г.), апавяданьне "Антон“, повесьць „Дзьве душы". Паміма гэтага, ён вядом яшчэ, як аўтор першае "Гісторыі беларускае літаратуры" і "Невялічкага беларуска-расійскага слоўніка".

Другія прозаікі, Язэп Лёсік і Лявон Лобік, пакуль менш Гарэцкага ўнесьлі сваіх мастацкіх твораў у беларускую літаратуру. Лявон Лобік напісаў толькі некалькі белетрыстычных твораў, надрукованых у „Нашай Ніве", і ў часы вайны зьнік з літаратурнага небасхілу. Язэп-жа Лёсік, вызначыўшыся, як здольны белетрысты („Ня ўсе-ж разам ягамосьці" і інш.), абяцаў многае, але пасьля закінуў пісаньне мастацкіх рэчаў, а перадаўся на публіцыстычна-педагогічную працу. Ім напісана некалькі падручнікаў па беларускаму правапісу, зроблены некаторыя пераклады, з якіх пераклад "Комуністычнага маніфэсту“ К. Маркса і Ф. Энгэльса.

Поэты-розначынцы.

Да іх належаць Максім Багдановіч, Альбэрт Паўловіч, Сяргей Палуян, Гальляш Леўчык і інш. Яны зьявіліся на небасхіле беларускай літаратуры не адначасова, а на працягу ад 1906 году (Альбэрт Паўловіч) да 1911 г. (Максім Багдановіч). Ня роўны яны ані па таленту, ані па форме й характару пісаньня, нясхожы і па настроі. Выдатнейшы й таляньнейшы з іх - Максім Багдановіч, сын вядомага ў расійскай літаратуры этнографа, у моладасьці сябра партыі "Народная Воля", Адама Багдановіча. Розьніцца ад другіх беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў нашаніўскай пары Максім Багдановіч тым, што меў магчымасьць паспытаць ад плёну асьветы, чаго ня дадзена поэтам з народу, сялянам і рамесьнікам. Ён перш канчае гімназію, пасьля пераводзіцца ў Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Надзелены здольнасьцю да поэзіі ад роду, ён спачатку піша вершы парасійску, а ўжо пасьля, натрапіўшы на беларускае друкованае слова, захапляецца беларускасьцю дарэшты. Ня маючы мажлівасьці пачуць жывую беларускую мову, ён вывучвае яе па запісах беларускае народнае творчасьці і пачынае ня толькі гаварыць, а й пісаць. З-пад яго пяра пачынаюць выходзіць пекныя па форме, па вобразах і будове вершы. Але ў яго вершах ня трэба шукаць ні грамадзянскіх мотываў, ні рэволюцыйнага настрою: ён стараецца быць поэтаю чыстага хараства. Пры гэтым, у яго ўсё жыве хвіляй, бягуча, на воку-тут у адным выглядзе, тут зусім у інакшым.

Максім Багдановіч імпрэсыяністы па напрамку, пры гэтым адцягнуты ад людзкое сучаснасьці, ад адносінаў у чалавецкай грамадзе, ад жаданьняў масы. Ён-індывідуалісты, і калі зрэдку падмячае дынаміку жыцьця (цыкль вершаў "У Вільні"), то толькі на момант, паколькі гэта кідаецца ў вочы сваёю павярхоўнасьцю. Заўсёды Максім Багдановіч адзін: і калі радуецца і калі сумуе. Ад сябе ён вітае жыцьцё, калі яно яму паказваецца прыемным, ад сябе кляне яго, калі яно не падабаецца яму.

Прывет табе, жыцьцë на волі!
Над галавой-дубоў павець,
Віднеюць неба, горы, поле