Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/3

Гэта старонка была вычытаная

3. Жылуновіч.

Беларускае пісьменства.

Гістарычна-крытычны нарыс.

Старадаўняе пісьменства.

Гісторыя беларускага пісьменства мае за сабою многавяковую даўнасьць. Сваім пачаткам яна заходзіць у глыб стагодзьдзяў, ажно да часоў прыняцьця славянскімі пляменьнямі хрысьціянскай веры. З пачатку яно мела на сабе моцны ўплыў царкоўна-славяншчыны, як то было з расійскаю ды украінскаю пісьменнасьцю, але з бегам часу, паступова пераймала мову сьвецкую, народную, разьвівала яе, багаціла й шырыла.

Асабліва шырака расквітнела беларуская пісьменнасьць у XVІ стагодзьдзі, калі Беларусь падпала пад культурны ўплыў заходня-эўропэйскага гуманізму. Пад яго ўсьціскам візантыйска-царкоўныя напластаваньні пачалі лопацца, уступаючы месца новым павеям, якія крыху пазьней вытырхнулі сабою рэформацыю. У XVІ-м стагодзьдзі зьяўляюцца на небасхіле беларускай пісьменнасьці выразныя асобы, якія папаўняюць беларускую пісьменнасьць сваімі знатнымі творамі і становяць яе на высокую ступню. Сярод іншых пісьменьнікаў гэтае пары трэба адмеціць Ф. Скарыну, В. Цяпінскага, С. Буднага, А. Рымшу са сваімі творамі. Поруч з імі, зьяўляюцца два гістарычных дакумэнты офіцыяльнага характару-Літоўскі Статут і Баркулабаўская кроніка невядомых аўтораў. Пэрыяд гэты ў беларускай старадаўняй пісьменнасьці прызнаецца гісторыкамі момантам яе росквіту.

У далейшыя часы, на працягу якіх двухстагодзьдзяў, з канца XVІ да канца XVІІІ, наступае заняпад. За гэты тэрмін гісторыя не адмячае больш-менш выдатных імёнаў пісьменнасьці. Пападаецца некалькі пасярэдніх, сярод якіх Сымон Полацкі ў XVІІ стагодзьдзі і Лявон-Лукаш Кішка-у канцы XVІІ і ў пачатку XVІІІ стагодзьдзяў. Абое яны з духоўнага пахаджэньня-першы манах, другі вуніяцкі мітрапаліт-і сваёю працаю мала што ўносяць у скарбніцу беларускай пісьменнасьці.

Фактычна і ўся старадаўняя беларуская пісьменнасьць зьяўляецца ўмоўнай велічынёй, нязначным факторам у гісторыі культурнага разьвіцьця і паасабліва беларускага народу. Таксама яна ня мае непасрэдняй сувязі з новай беларускай літаратурай, якая пачала сваё разьвіцьце бадай што самастойна з XVІІІ стагодзьдзя.