Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/30

Гэта старонка была вычытаная

Праз лісьцяў сець.
Лахмоцьці ценяў на палянах,
Схаваўшы золата, ляжаць;
Яго слаі з-пад дзір парваных
Аж зіхацяць.
А к ночы свой чырвоны веер
У небе сонца разьвярне,
І разварушаны ім вецер
У даль памкне.
Калі жа пабляднее золак
І цёмнай зробіцца вада, -
Зазьяе серабром іголак
Зор грамада.
І роўна мілымі зрабіцца
Здалеюць яркі блеск і цень, -
Той дзень, што мае нарадзіцца,
І зьнікшы дзень.
(„Привет табе“).

Максім Багдановіч пранізвае сваім вострым паглядам усе мясьцінкі зямлі, возера і твань, лес і поле, майстэрню паяскоў і каморку летапісца ды перапісчыка, і ловіць настрой людзей, іх мігаючыя думкі і схоплівае пералівы фарбаў. Аднак, жывучы на зямлі і, тым болей, прыймаючы ўдзел у вялікім вызваленчым руху цэлага народу, М. Багдановіч ня можа не адгукнуцца на людзкія справы. І ён зрэдку адгукаецца і на долю краіны-Беларусі і на мужычае жыцьцё яе, бачыць яго цяжар і хібы, але як паправіць гэта-ён ня ведае: тут у яго сустракаецца мяжа, праз якую ён ня можа перайсьці.

Гнуся, працую, пакуль не парвецца
Мне жыцьцё, як сагніўшая ніць...
Шчасьце-ж загляне і ў даль пранясецца,
І магу я аб ім толькі сьніць...
Дык няхай-жа, няхай сабе рвецца
Мне жыцьцё, як сагніўшая ніць...
("3 песьняў беларускага мужыка".)

Так Максім Багдановіч гаворыць вуснамі беларускага мужыка. Поэта не падгледзіў іншага выйсьця, не зразумеў яго, бо не стараўся і зразумець, знайсьці. І ўрэшце выйшла, што хараство, якому ён аддаў свае сілы-бяздушная, адцягненая рэч, не сагрэтая колектыўным пачуцьцём, не здаваляла поэты. Праз прызму свае абасобленай самотнасьці глядзеў ён і на долю Беларусі, якую прыйшоў адраджаць к новаму жыцьцю. "Заклятая богам" уваччу Багдановіча, яна ня мела ніякага выйсьця, каб парваць ланцугі закляцьця.

Край мой родны! Як выкляты богам,
Столькі ты зносіш няволі.
Хмары, балоты... над збожжам убогім
Вецер гуляе на волі.

Поруч раскідалісь родныя вёскі,
Жалем сьціскаюцца грудзі! -
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Ўсюды панурыя людзі...

Шмат што зрабілі іх чорныя рукі,
Вынесьлі моцныя сьпіны;
Шмат іх прымусілі выцерпець мукі
Пушчы, разлогі, нізіны.