Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/31

Гэта старонка была вычытаная

Кінь толькі вокам да гэтаго люду —
Сцісьнецца сэрце ад болю:
Столькі пабачыш ты гора усюды,
Столькі нуды без патолі.

Песьня пяе, як удовіна сына,
Янку, каханьне згубіло;
Там дзе панура схілілась каліна,
Беднаго хлопца магіла.

Ў гутарках-казках аб шчасьці, аб згодзе
Сэрцэ навін не пачуе.
Сціснуло горэ дыханьне ў народзе,
Горэ усюды пануе.

Хваляй шырокай разлілось, як морэ,
Родны наш край затапіло…
Брацьця! Ці зможэм грамадзкае горэ?!
Брацьця! Ці хваце нам сілы?!
(„Край мой родны").

Пэўна, што часткаю на гэткім яго настроі адбівалася хворае здароўе, сухоты поэты, а, самае галоўнае, ведама, зьмяшчалася ў тым, што ён быў адарваны ад грамадзкага жыцьця. Перад сьмерцю, зусім у маладых гадох і ў поўным росьцьвіту таленту (памёр у 1917 г.), Максім Багдановіч удаўся ў сум, які густым слоем ляжыць на яго астатніх вершах... Дачасная сьмерць М. Багдановіча прынесла вялікую страту для беларускай літаратуры; але тое, што ён напісаў за сваё кароткае жыцьцё, ёсьць багаты ўклад у яе скарбы. Гэткіх пекных і стройных, мозаічна-пераплеценых цікавымі формамі і малюнкамі рэчаў даў рэдкі з беларускіх поэтаў. Большая частка вершаў М. Багдановіча надрукована ў газэтах і асобным выданьнем у зборніку "Вянок". Многа-ж, пакуль, знаходзіцца ў рукапісах.

Другі з розначынцаў-поэтаў пары "Нашае Нівы"-гэта Альбэрт Паўловіч. Пахаджэньнем ён сын менскага мешчаніна. Пачаў пісаць пабеларуску яшчэ да выйсьця "Нашае Нівы", а друкавацца - з яе выйсьцем. Альбэрт Паўловіч, галоўным чынам, піша вершы гуморыстычныя; пры гэтым, адна хіба гэтых вершаў, што гумор іх большай часткаю мае сваім об'ектам цёмнага селяніна, і толькі зрэдку трапляюцца ядынкі яго вершаў, у якіх гумор пакірован у бок багатых станаў. Але, абмінаючы гэта, трэба сказаць, што гумор Альбэрта Паўловіча дужа востры. Ён адзін, пакуль, з гэткім характарам творчасьці беларускай літаратуры. Паміма гуморыстычных твораў, Альбэрт Паўловіч прабаваў сваё пяро і ў лірычным напрамку. Некаторыя вершы яго гэтага гатунку сьведчаць, аднак, што ён ня чужы і да тонкіх нотак лірызму. У перакладах яго з польскіх пісьменьнікаў, галоўным чынам, з Сыракомлі, адбіваецца здольнасьць дасканалага перакладчыка. Альбэрт Паўловіч напісаў багата вершаў і зрабіў шмат перакладаў. У газэце "Наша Ніва" на працягу ўсяго яе жыцьця, у газэтах "Вольная Беларусь" і „Беларусь" надрукована многа яго вершаў. Таксама выйшаў зборнік іх („Снапок") асобным выданьнем.

İнакшы ад першых дваіх трэці розначынец-Сяргей Палуян. Сын памешчыка Рэчыцкага павету Меншчыны, ён дастае сярэднюю асьвету, але у маладых гадох захапляецца рэволюцыйным рухам і праз гэта настройвае супроціў сябе бацькоў. Тыя праганяюць яго з дому, і Сяргей Палуян едзе ў Кіеў, дзе прылучаецца да маладых украінцаў і ўваходзіць у ўкраінскую адраджэнцкую працу ў галіне літаратурнай. Аднак хутка ён вызнае праз атрыманую ў Кіеве газэту „Наша Ніва",