Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/32

Гэта старонка была вычытаная

што пачаўся нацыянальны рух і сярод беларусаў. Гэта зацікаўлівае Сяргея Палуяна, і ён адчувае сябе беларусам і пераходзіць пісаць пабеларуску. У 1909 годзе ён па традыцыі едзе ў тагачасную беларускую Мекку, у Вільню, і, азнаёміўшыся са становішчам беларускага руху, цалком уваходзіць у яго. Але Сяргей Палуян зусім мала піша, як быццам-бы стрымліваючы развой свайго нязвычайнага таленту. Яго точыць цяжкая думка-сумненьне ў хуткім ажыцьцяўленьні захапіўшых яго ідэяў; ён ня ўпэўнены ў сваіх сілах, у яго ня можа выстарчыць іх для змаганьня з вакольнымі ўмовамі жыцьця, і ў 1910 годзе поэта накладае на сябе рукі.

Сяргей Палуян напісаў некалькі апавяданьняў ("Хрыстос васкрос", "Вёска" і інш.), некалькі вершаў і п'есак, якія надрукованы ў "Нашай Hівe", і гэтым абарваў сваю леру. З яго сьмерцю беларуская літаратура страціла многаабяцаючы глыбокі талент...

Гальляш Леўчык, аднесены намі да розначынцаў, шмат слабейшы ад сваіх таварышоў. Яго простыя вершы дыхаюць густым смуткам і жальбою, характарызуючы аўтора, як ціхага, пасыўнага адраджэнца. Дагэтуль выйшлі творы Г. Леўчыка невялічкім зборнічкам "Чыжык Беларускі".

Рэволюцыйны пэрыяд.

Нашаніўская пара крута абарвалася сусьветнаю імпэрыялістычнаю вайною. Далёка сягнуўшы ў глыб і шыр, беларускі нацыянальна-культурны рух атрымоўвае цяжкі удар і спыняецца ў нормальным разьвіцьці. Цэнтр яго, г. Вільня, разбураецца, пасеяўшы сконцэнтраваныя сілы па вялікіх абшарах царскае Расіі. Спыняецца друк і змаўкае лера: пачынае гаварыць гармата.

Так праходзіць да 1916 г., калі, звыкшыся з жахам вайны, патрошку пачынае ажываць грамадзкая думка. Падаюць адзнаку жыцьця прышыбленыя беларускія сілы. У Петраградзе выходзіць дзьве газэты: „Дзяньніца“ і „Съветач“, у Вільні, крыху раней,-"Гоман“. Гуртуюцца колы, падаюць аб сабе весткі замоўкшыя песьняры. Аднак, для поўнага аднаўленьня даваеннага культурнага жыцьця яшчэ не настаў час. Яго прыносіць з сабою Лютаўская рэволюцыя. Разьбіўшы ланцугі політычнай няволі, яна разрывае і нацыянальны прыгон. Раптам буйна закіпае нацыянальна-рэволюцыйны рух, вядучы за сабою разьвіцьцё культурнай працы. У Менску выходзіць газэта "Вольная Беларусь" і „Грамада“, і, разам з артыкуламі політычнага характару, прабіваюцца нa іx старонкі мастацкія творы. Ізноў мігаюць імёны Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, Зьмітрака Бядулі, Алеся Гаруна, Хведара Чарнушэвіча, Гарэцкага Максіма і інш. А паступова, час-ад-часу, пачынаюць яшчэ і яшчэ вынікаць новыя песьняры і пісьменьнікі: зьяўляецца Ф. Калінка (А. Петрашкевіч), захапіўшы яшчэ „Нашу Ніву", Якім Сявец, Зоська Верас, Макар Косьцевіч і інш. Праўда, політычны развой жыцьця пакуль заглушвае голас музы, і лера маладых поэтаў мала вызначаецца ў ракочучым гуле рэволюцыі. Прыходзіцца чакаць некаторага спаду рэволюцыйных хваляў. Гэта прыходзіць з нямецкаю окупацыяй, якая сьціснула ў Беларусі політычнае жыцьцё і у той-жа час ня чапала культурнага. У гэты час пачынаюць выдавацца газэты, кніжкі, працуюць тэатры; у гэтым фокусе зьбіраюцца беларускія сілы. У газэце „Вольная Беларусь" зьяўляюцца далейшыя сілы беларускіх пісьменьнікаў, якія зразу кідаюцца ў вочы буйнасьцю свайго таленту. Між другімі выдзяляюцца імёны Міхася Чарота, а крыху спусьціўшы — М. Грамыкі. За імі праз нейкі тэрмін часу даюць аб сабе знаць Ў. Дубоўка, А. Бабарэка, Б. Родзевіч, К. Арсеньева і Ў. Жылка. Пачынаецца новы росьцьвіт беларускай літаратуры, яе далейшае пашырэньне й разьвіцьцё. Адначасна адмячаецца, перш ціха, асьцярожна,