Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/36

Гэта старонка была вычытаная

у лёгкую мэтафізычнасьць (поэма "Крылан"), але гэта скрадаецца выпукласьцю рэволюцыйных напеваў. Таксама ў іх адчуваецца невялікі ўплыў А. Блёка (поэма „Міліён"). Усё-ж, адкідаючы гэта, Міхась Грамыка паўстае буйной велічынёю ў беларускай парэволюцыйнай літаратуры. Пераняў яе дух і мілагучны 3. Бядуля, даўшы некалькі здатных твораў рэволюцыйнага характару („Беларусь", "Чырвоны каляндар" і шмат дробных вершаў).

Гэткім чынам, уступіўшы на новы шлях, беларуская літаратура прадаўжае пісаць далейшыя старонкі гісторыі свайго разьвіцьця. Нясупыннае паглыбленьне заваёваў рэволюцыі, дакляраваўшай і паставіўшай на радыкальнае вырашэньне нацыянальнае пытаньне, адкрываюць для гэтага шырокія мажлівасьці.

Гісторыкі і крытыкі.

Ад пачатку свайго нараджэньня ажно да першай паловы нашаніўскага пэрыяду ў беларускай літаратуры зусім не адмячаецца крытычных твораў. Ды гэта зразумела. Беларускай літаратуры сьпярша патрэбна увайсьці ў жыцьцё, абсталявацца і быць прызнаным ім. А для гэтага патрэбен час, умовы і людзі. Гісторыя-ж яшчэ да таго маладая і сьвежая, што яе ня прыходзіцца фіксаваць. А к гэтаму і сілаў не хапае. Якія ёсьць-заняты грамадзянска-політычнай чыннасьцю, працярэбліваньнем шляху для разьвіцьця першай ластаўкі культурна-адраджэнцкай вясны - прыгожай пісьменнасьці. Яе моладасьць і навіна ўсё роўна заглушылі-бы сваімі трэлямі і крытычныя водгукі і гістарычныя запісы...

Гэты момант падыходзіць толькі ў 1912 годзе. Бадай ня першым у гэтым годзе выступае з сваім крытычным нарысам аб скутках разьвіцьця беларускае літаратуры Максім Багдановіч. Талентны поэта ў гэтым артыкуле праглядае здольным аглядчыкам-крытыкам. Але як асьцярожна ён не дакранаецца ў ім аглядаемых поэтаў, многія з апошніх бачаць у адносінах да іх крытыка тэндэнцыйнасьць і староннасьць. Праўда, М. Багдановіч, як поэта сам, у першай спробе свайго крытычнага пяра, дапусьціў нетактычнасьць, пахваліўшы сябе і паганіўшы другіх. К таму прыдалася яшчэ доля навіны, якая выглядала з прадлюднага абгавору таго ці іншага поэты, думаючага, звычайна, аб сваёй непахібнасьці. У далейшым гэта прытупілася. Само становішча шырака расьцьвіўшай беларускай літаратуры вымагала сабе крытычнага разца і гістарычнага фоліянту. Ды поэтам стала жадацца, каб аб іх пагаварылі, найшлі адмоўныя бакі, падказалі на хібы і адмецілі добрыя бакі іх творчасьці. Час задаволіў іх. З таго-ж, 1913 году на старонках „Нашай Нівы" выступае малады талентны крытык Лявон Гмырак. Часад-часу, як гадавыя справаздачы, так знарочыста напісаныя па розных пытаньнях літаратурнага жыцьця, артыкулы яго зьяўляюцца адзін за другім на старонках „Нашай Нівы". Яны справодзяць беларускую літаратуру да часаў вайны, калі Гмырака бяруць на вайну, дзе яго забівае ліхая пуля.

Трохі раней за Л. Гмырака выступае з сваёй вядомай працай "На дарозе да новага жыцьця" віднейшы пачынальнік і правадыр беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага і культурнага руху Антон Навіна (Луцкевіч). У гэтай сваёй працы ён, адмячаючы гістарычны факт адраджэньня беларускага працоўнага народу, датыкаецца беларускай літаратуры, як важнейшай ілюстрацыі да сваіх думак. Адначасна Антон Навіна зьмяшчае невялічкі артыкул аб беларускім руху ў энцыклёпэдыі Брокгауз-Эфрона, дзе таксама піша аб беларускіх поэтах. Дасканала асьвечаны, здольны публіцысты, Антон Навіна далей выказвае сябе талентным крытыкам у літаратурна-соцыяльных характарыстыках