Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

пад захапленьнем пачуцьця спагады да цёмных беларускіх працоўных гушчаў, яны падыходзілі да беларускай літаратуры, пішучы часткай на беларускай народнай мове, часткай на беларуска-польскай, зьмешанай. Гэтак, Ян Баршчэўскі пісаў усе свае вершаваныя баляды і апавяданьні з народнага жыцьця польскаю моваю з вялікімі беларускімі ўстаўкамі. У 1844-46 годзе ў Пецярбурзе на зьмешанай мове выйшаў збор яго твораў у 4 томах пад назваю "Шляхціц Завальня, ці Беларусь у фантастычных апавяданьнях". А. Рыпінскі, таксама спачатку літаратурнай працы пісаў папольску і нават лічыў беларусаў за польскае племя. Толькі і спусьціўшы шмат часу, уцёкшы ў Парыж пасьля польскага паўстаньня, ён друкуе свае лекцыі на беларускай мове і піша на ëй баляду "Нячысьцік“. Далей ён робіць многа тлумачэньняў да ранейшых беларускіх твораў, як „Энэіда“, „Рабункі мужыкоў" Я. Баршчэўскага, і піша першы падручнік беларускага правапісу. К канцу жыцьця Рыпінскі цалком захапіўся беларушчынай.

Баляда "Нячысьцік" А. Рыпінскага выйшла трыма выданьнямі (апошняе ў 1853 годзе). Яна пачынаецца так:

Часта, братоньку, вядзеш сëе-тое,
А ўсё то марна, а ўсё пустое.
Таму ўжо сто лет будзе-
Старыя помняць то людзі,
Скажаць вам і Апанас:
Жыў-быў Мікіта ў нас
На самым канцы сяла,
Там яго хатка была.
Дзяцей няма, хоць жанат,
А быў бедзен, не багат.
Багацтва ён усяго
Меў вяпра аднаго,
Ды не спажыў і таго:
У месаед яго ня біў,
На продаж, кажуць, карміў,
І так даждаўся паста...

Далей разьвіваецца гісторыя з нячысьцікам, які, з-за брыдкай, распуснай і няверуючай жонкі Мікіты, Марты, улез у іх хату й паеў каўбасы, сала й нарабіў іншае бяды... Сюжэт баляды ня хітры, склад вершу самы просты. Але аўтор гнаўся не за гэтым, а як ён кажа:

Можа гэта ня песьнь? Каша?
Ды ўсё-ж такі свая-наша!!!

Ян Чачот у беларускай літаратуры больш вядомы, як пясьняр-этнограф. На манер сваіх сучасьнікаў, Яна Баршчэўскага і А. Рыпінскага, ён пісаў папольску і перакладаў беларускія песьні на польскую мову. Але патроху захапіўся хараством беларускае мовы і пачаў перадаваць беларускія песьні пабеларуску.

Яго беларускія вершы носяць навучальны характар, як то належыць разумнаму шляхціцу ў адносінах да мужыка. Ніякіх соцыяльных мотываў Я. Чачот не зачапляе,-так, як і А. Рыпінскі. Прыкладам вось адна з яго песень:

Ой ты, суседзе багаты!
Сыноў, грошы многа меш
Сыноў дзяржыш за пячою,
Грошы у зямлю хаваеш.

Ды павëз-бы ты сыночка,
Як бычочка, як ваўчочка,
Дзе да места ся вучыці
Чаравікі, боты шыці.