Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

Ой, аддаў-бы ты другога
Ды каваля, чы сьлясара;
Да завëз-бы ты трацëга
Да сталяра чы бандара.

Яны-б рамясло умелі,
Грошы-б твае не ржавелі;
Нашы дзеўкі, маладзічкі
Мелі-б ладны чаравічкі.

Найболей усе трое-Я. Чачот, А. Рыпінскі і Я. Баршчэўскі-працавалі на глебе этнографічнага дасьледваньня Беларусі, чаму ў творчасьці літаратурнай ня многа зрабілі.

Шмат пладавіцейшым за іх, можна сказаць першым сапраўдным беларускім песьняром быў В. Дунін-Марцінкевіч. Апошні зразу рашуча пераходзіць да пісаньня на беларускай мове, бо пераконваецца, па яго словах, што беларускі селянін, бачучы кніжку на роднай мове, ахвотней яе чытае і дзетак сваіх ахвотней прыцягае к асьвеце".[1] В. Дунін-Марцінкевіч пахаджае з шляхтаў-арандароў, асьвету дастае ў Пецярбурзе і пасьля становіцца чыноўнікам каталіцкай консысторыі ў Менску. Бяручы на ўвагу, што радня яго таксама была духоўнага роду, В. Дунін-Марцінкевіч увесь час адчуваў на сабе духоўна-хрысьціянскі ўплыў, які выяўна адбіўся на яго падыходзе да простага народу. Некаторая зацікаўленасьць ідэямі 40 гадоў, багатых рэволюцыйнымі падзеямі ў Заходняй Эўропе (француская рэволюцыя 48 г., нямецкая таго-ж году, польскае паўстаньне 31 году і г. д.), усë-ж патроху нахіляе Марцінкевіча к народніцтву, аднак шляхетнае мяшчанства ўпарта прытрымоўвае поэту ў рамках "гжэшнасьці“. І ён глядзіць на мужыка-беларуса, як і яго таварышы-з пачуцьцём спагады. Пад кутом гэтага пачуцьця і разьвіваецца яго творчасьць. Як відаць з апошніх, В. Дунін-Марцінкевіч ня бачыць ніякае клясавае супярэчнасьці ў адносінах між панамі і запрыгоненымі мужыкамі. Калі й ёсьць якія шурпатасьці ў сялянскім жыцьці, та па ягонаму віною гэтаму не паны. Нават трэба сказаць, што яму мала ўдаецца бачыць чорных плям у сялянскім жыцьці. Мужык часта п'е, весяліцца, грае вясельле, робіць дажынкі і вясёлы-чаго-ж хацець? Прыгон - то асоб стацьця... За мукі сяляніна можна пашкадаваць, паспагадаць яму. І толькі ў адным вершы Марцінкевіч цьмяна нешта добрае бачыць у тым, калі "мужык будзець не скацінай".

Вось гэты верш:

Вясна, голад, перапала.
Ані солі, ані круп;
У скаціны корму мала
І самому-ані у зуб.
На палацях дохнуць дзеці,
Жонка тры дні з дуру п'ець,
І даўно парожна у клеці,
І парожняя асець.
Каліта ляжыць пад лаўкай,
А пры ёй парожны гляк -
Ад каляд мы з кумам Саўкай
Пацяралі ў губе смак.
Але гора-ўжо з паўгора;
Цыц, нябога, трошкі цыц!
Вось нам вольнасьць дадуць скора
І, як птушкі, будзем жыць.
К чорту жонка, ласа баба!

  1. Dudar Bіaloruskі,-1 выпуск 1875 г. Менск.