Старонка:Беларускае пісьменства.pdf/9

Гэта старонка была вычытаная

пяро пабеларуску пісьменьнікі родам беларусы, але пісаўшыя ці парасійску, ці папольску. Усе яны, агульнымі сіламі, часта няпрыкметна, але старанна і ўверана пахалі глебу, падгатаўляючы яе да прыходу адпаведнага здольнага аратага. Гэтым аратым і зьявіўся Францішак Багушэвіч, выступіўшы на літаратурную працу сваёю вядомаю прадмоваю да „Дудкі Беларускай" у 1891 г. "Братцы мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй!" пісаў ён, Багушэвіч, у сваёй прадмове: "Вам ахвяруючы працу сваю, мушу пагаварыць з вамі трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды й не адны мы, а ўсе людзі цёмныя, "мужыцкай" завуць, а завецца яна беларускай... А можа й сапраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні напісаць ні сказаць ня можна? Ой, не! Наша мова для нас сьвятая"...

Як і ранейшыя беларускія пісьменьнікі, Ф. Багушэвіч пахаджэньнем з дробнае беларускае шляхты. Радзіўся ў 1840 г. у Ашмяншчыне, дастаў сярэднюю асьвету у Вільні, а пасьля скончыў фізыка-матэматычны факультэт у Пецярбурзе. Быў народным настаўнікам і прыймаў удзел у польскім паўстаньні, будучы раненым у нагу. Знаходзячыся ў гэткіх абставінах, пад уплывам духу эпохі, Ф. Багушэвіч глыбака прасякся народніцкімі ідэямі і стаў сапраўдным народнікам.

Дзякуючы гэтаму, у яго вырабіўся выразны пагляд на просты працоўны народ, сярод якога ëн рос, які прасьвячаў і за які хадзіў на паўстаньне, і на яго соцыяльнае вызваленьне, - пагляд перадавых змагальнікаў свайго часу. Гэткі свой пагляд Ф. Багушэвіч перанёс і ў літаратуру,-у маладую і да яго яшчэ бедную беларускую літаратуру. Праца на яе глебе, як найлепш, адпавядала яму, носячы характар чыста народнай справы. і Ф. Багушэвіч шчыра аддаўся ёй. Ён першы ў беларускай літаратуры чапіў глыбокія народна-соцыяльныя і нацыянальныя мотывы. Грамадзянін ад натуры, ён пасьвяціў сваю леру выключна грамадзянскім мотывам, якія і праходзяць чырвонаю ніткаю ўсьцяж усіх яго твораў. Вызначэньне беларускага "я", нацыянальны элемэнт у справе вызваленьня беларускага селяніна, разьвіцьцё нацыянальнае культуры, праз якую можна атрымаць большы пасьпех у адраджэньні політычным і экономічным рубам пастаўлены Ф. Багушэвічам. Помеж з гэтым, ён выразна вытыркае агульна-соцыяльныя мотывы у сваіх творах. У Ф. Багушэвіча не астаецца ні званьня сэнтымэнталізму, ні каліва нотак спагады да беднага прыгнечанага працаўніка. Ф. Багушэвіч у моцных, гладка і добра апрацаваных вершах, напісаных чыстай беларускай мовай, выкладае гарачы протэст супроць соцыяльнага і нацыянальнага няравенства. Згушчаючы фарбы адмоўных бакоў сялянскага жыцьця, ён, як і расійскі поэта Н. Некрасаў, крэпка б'е па струнах чытача, выклікаючы ў яго абурэньне супроць пануючага стану.

Ф. Багушэвіч сваімі творамі далёка ўперад правёў разьвіцьцё беларускай літаратуры. Ён абагаціў яе і колькасьцю і, асабліва, якасьцю, заклаўшы ў ёй фундамант сталага народніцтва. Яго творы мелі вялікае пашырэньне, выдаваліся сьпярша заграніцай, большай часткаю двума зборнікамі пад назваю "Дудка Беларуская" за подпісам Мацея Бурачка і "Смык Беларускі" за подпісам Сымона Рэўкі з-пад Барысава.

Да апошняга часу „Дудка Беларуская" выйшла шостым выданьнем і мае далейшае запытаньне з боку беларускага чытача.

Гэроічны настрой вершаў Ф. Багушэвіча не астывае ў цікавасьці і ня ўступае па сіле многім сучасным беларускім творам. Асабліва цікавы па свайму соцыяльнаму характару яго вершы: "Бог няроўна дзеліць“, „Ня цурайся мяне, панічок", „Дурны мужык, як варона" і інш. Вось адзін з іх: