Старонка:Беларуская граматыка для школ (1920).pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

АД АЎТАРА.



Дагэтуль беларуская літэратурная мова разьвівалася толькі паводлуг сваіх найагульне́йшых правоў, найбольш для яе́ характэрных і ад каторых яна не адступала. Шмат якія пытаньні заставаліся без адказу. Ня было аднолькавага пра́вапісу. Нічога дзіўнога. Пакінуўшы даўно парваныя і заняпаўшыя традыцыі старасьве́цкае беларушчыны, мова новага пісьменства адразу пачала буйна ўзрастаць з народнага карэньня. А народнае карэньне — яно ве́льмі багатае. І ня гле́дзячы на вялікую суцэльнасьць усяе́ беларускае мовы, яна мае, як і кожная іншая мова, колькі асобных, выразьне́й азначаных гутарак. Кожная гутарка дабівалася, каб заняць пачэснае ме́йсца ў нашым пісьменстве. Дзеля гэтага — і розныя, часта паміж сабой нязгодныя, спосабы пісаньня.

Трэба было часу, каб само жыцьцё паказала, якая гутар­ка мае найбольш сілы і здатнасьці на тое, каб зробіцца асновай літэратурнае мовы.

Трэба было часу, каб праявіліся ў пісьменстве ўсе́, якія толькі ёсьць у асобных гутарках, чыста беларускія асобнасьці.

Бяз гэтага не магло быць ніякае хоць больш ме́нш закончанае граматыкі, не магло быць і сталага, яснага правапісу. Бо граматыка павінна толькі замацаваць і падраўняць тыя лініі, якія сама мова ужо назначыла.

Мне́ здае́цца, што гэтыя лініі і характэрныя асобнасьці ўжо азначыліся, дзеля чаго я і адважыўся выпусьціць у сьве́т „Беларускую граматыку“.

У аснове яе́ ляжыць найбольш характэрная і найбольш чыстая гутарка беларускае мовы, што мае цьвёрдае р і вялікае аканьне.

Але аканьне агранічана некаторымі разамі, да чаго прымушае нас даўгая практыка нашага пісьменства.

Прымаюцца і ўсе́ другія характэрныя асобнасьці беларускае мовы, якія праводзіліся дагэтуль у нашых выданьнях.

Ад прынятае традыцыі адхіляюся толькі тады, калі гэтага вымагае яснасьць сыстэмы або чыстасьць мовы.