Старонка:Беларуская граматыка для школ (1920).pdf/50

Гэта старонка не была вычытаная

У другім складзе — толькі тады е замяняецца на а (я), калі ў пе́ршым няма а: лясуна́, бядуна́, нявучо́ны, ня была́, бяз дзіцяці і г. д. Калі-ж у пе́ршым складзе ёсьць а (я), то ў другім пішацца е: цецярук, лесавік, не знайшла, не магу не хачу, без мяне́ і г. д.

У пе́ршым складзе заўсёды бывае а (я): бяда, дзяжа, вяду, зялёны, няма, няхай, ня буду, бяз нас, бяз духу і г. д.

Увага. 1. Не і без у гэтым разе лічацца за склад таго слова, перад якім яны стаяць.
2. Склады тут лічацца ад націску да пачатку слова такім парадкам: ля(2)-су(1) на̀ (су — пе́ршы склад, ля — другі). Так сама: без(4) ве(3)-ра(2)-ця(1)на̀ і г. д.

У мягкіх складох пасьля націску пішацца е: восень, возера, ве́церь, вучыцель, у хаце, у садзе, поле, ле́цейка, сіняе (не́ба), сіненькі, тое, думаеш, будзе і г. д.

З гэтага правіла выключаюцца такія разы, як:

1) памяць, ме́сяц, дзе́вяць, дзе́сяць, дзе а ў аснове, або дзе а канчатак іме́ньняў жан. р (гаспадыня, паня, як зямля), або дзе а з о: дзе́дзя[1] (з дзе́дзё) і інш.

2) формы роднага скл. адз. л. мужч. і ніяк. р. на а: вучыцеля, вучня, поля, зе́льля і г. д.

3) формы родн. скл. мн. л. усіх трох радоў на — аў: прыяцеляў, зе́мляў, гоняў і г. д.

4) формы дав., твор. і ме́с. склону мн. л. ўсіх трох радоў на — ам, амі, ах: вучням, зѐмлям, здарэньням, прыяцелямі, зѐмлямі, здарэньнямі, прыяцелях, зе́млях, здарэньнях.

5) формы прыме́таў назоўнага склону адз. л. жаноц. і ніякага роду: сіняя вада, добрая галава, сіняе мора і г. д.

6) формы родн. і давал. скл. прыме́таў мужч. і ніяк. роду: сіняга, сіняму і інш. (як яго, яму).

7) родны склон прыме́ты жаноцкага роду: сіняе воды, добрае кніжкі і г. д., (як яе́, тае́).

8) назоўн. і вінав. склон прыме́ты мн. л. ўсіх трох радоў: добрыя, зялёныя, чырвоныя, каме́нныя і г. д.

  1. але ў такіх старых формах, як вароцех, боцех пішацца е.